120 гадоў таму (1906) – У Іркуцку (Расея) памёр Цэлястын Цеханоўскі (нар. у 1835 г. у маёнт. Горлава, Дрыбінскі р-н), лекар, паўстанцкі грамадзянскі кіраўнік Гародні ў паўстаньні 1863 году. Быў пахаваны на іркуцкіх Ерусалімскіх могілках (не захаваліся).

Навучаньне
Ён нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў маёнтку Горлава Чавускага павету Магілёўскай губерні ў 1835 годзе. Пасьля заканчэньня магілёўскай гімназіі вучыўся ў Варшаўскай мэдыка-хірургічнай акадэміі і Маскоўскім унівэрсытэце.
Падчас навучаньня стаў паплечнікам Кастуся Каліноўскага, уваходзіў у студэнцкую арганізацыю «Огул». Атрымаўшы дыплём, працаваў лекарам у Гародні.
Удзел у паўстаньні
На пачатку 1863 году Каліноўскі прызначыў Цеханоўскага паўстанцкім начальнікам Гародні. Але той ня толькі кіраваў паўстанцкімі структурамі, але і лячыў паўстанцаў. Якраз падчас аказаньня медычнай дапамогі параненым паўстанцам Цэлястын Цеханоўскі і быў арыштаваны ў жніўні 1863 году.
У лістападзе яго засудзілі на 20 гадоў катаргі, паводле іншых зьвестак — на пажыцьцёвую катаргу. Праз два з паловай гады цяжкіх этапаў і працы катаржнікам на будоўлі, у 1866 годзе, ён трапіў у пасёлак Аляксандраўскае пад Іркуцкам. Там была фабрыка, на якой працавалі вязьні.
Цеханоўскі пачаў добраахвотна лячыць іншых вязьняў і катаржнікаў.
Адмова зьняць кайданы
Нашаму суайчыньніку спрыяў начальнік турмы Аляксандар Сіпігін, пры дапамозе якога Цеханоўскі здолеў палепшыць гігіенічныя ўмовы жыцьця вязьняў, а пасьля пачаў лячыць і вольных жыхароў Аляксандраўскага і навакольных вёсак. У вёскі да хворых ён хадзіў пешкі ў кайданах і пад канвоем.
Цеханоўскага так палюбілі мясцовыя жыхары, што праз год яму было дазволена зьняць кайданы. Але на знак салідарнасьці з закутымі ў жалеза ўдзельнікамі паўстаньня — сваімі таварышамі, ён адмовіўся ад прапановы і застаўся ў кайданах.
Празь пяць гадоў, у 1872 годзе, яго нарэшце прызначылі штатным лекарам Аляксандраўскай турмы, і толькі тады ён зьняў зь сябе кайданы. На волю Цеханоўскі выйшаў роўна праз 20 гадоў зьняволеньня, у 1883 годзе, атрымаўшы дазвол на вольнае пасяленьне ў Іркуцку.
Лекар для бедных
Ён ажаніўся з расейкай Тацянай Яршовай, у іх нарадзілася сямёра дзяцей.
У невялікім драўляным дамку Цэлястын Цеханоўскі заснаваў амбуляторыю, у якой лячыў найбяднейшых жыхароў гораду і навакольля.
У 1905 годзе адзін з гарадзкіх дэпутатаў зьвярнуўся да іркуцкай думы з прапановай прызначыць 70-гадоваму лекару, былому катаржаніну дзяржаўную пэнсію. Дума згадзілася і пэнсію прызначыла. Але Цэлястын Цеханоўскі адмовіўся ад гэтай пэнсіі, як некалі і ад зьняцьця кайданоў.
Праз год ён памёр, не перажыўшы трагічнай весткі пра сьмерць сына Міхаіла, засечанага казакамі ў Маскве падчас дэманстрацыі.
У расейскім Іркуцку захоўваецца памяць пра яго. Дом, у якім жыў Цеханоўскі, значыцца ў сьпісе гарадзкіх помнікаў Іркуцку. Адны там лічаць нашага суайчыньніка палякам, іншыя беларусам.
(біяграфія паводле Сяргея Абламейкі)
