Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру і кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, які і сам яшчэ нядаўна знаходзіўся ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць, падтрымаў іранскіх пратэстоўцаў і заклікаў міжнародныя арганізацыі прыкласці ўсе намаганні для спынення гвалту з боку іранскага рэжыму:

“З вялікім непакоем і спадзяваннем увесь свет назірае за тым, што сёння адбываецца ў Іране. Дзесяцігоддзямі краіна знаходзіцца пад поўным кантролем таталітарнага радыкальнага ісламскага кіраўніцтва. У краіне адсутнічаюць свабода і дэмакратыя. Дзясяткі тысячаў палітзняволеных прайшлі праз іранскія турмыу тым ліку Нобелеўская лаўрэатка прэміі Міру Наргіз Махамадзі.

Вось жа зараз іранскі народ паўстаў. У краіне адбываюцца шматлікія акцыі пратэсту супраць бядотнага эканамічнага становішча і адсутнасці свабодаў. У адказ улады выключылі інтэрнэт і ўжылі жорсткія меры пакарання пратэстоўцаў. Тысячы людзей арыштаваныя, катаваныя. Паліцыя ды іншыя мілітарныя падраздзяленні расстрэльваюць мірныя мітынгі і сходы. Колькасць ахвяраў, сярод якіх жанчыны і дзеці, па паведамленням іранскіх праваабаронцаў, ідзе на тысячы.

У гэтай крытычнай сітуацыі я захапляюся мужнасцю пратэстоўцаў у Іране, якія нягледзячы на смяротную небяспеку выступаюць за свае правы і справядлівасць. Я заклікаю ўсе міжнародныя арганізацыі, урады дэмакратычных краінаў прыкласці ўсе намаганні для спынення гвалту з боку іранскіх уладаў да мірных пратэстоўцаў. Я заклікаю іранскія ўлады пачуць голас народу і пачаць перамовы з дэманстрантамі.

Свет павінен спыніць рэкі крыві, якія затапілі вуліцы іранскіх гарадоў!“.