Сейм Польшчы ў першым чытанні адхіліў законапраект партыі «Права і справядлівасць» (PiS), які прадугледжваў, у тым ліку, падаўжэнне да дзесяці гадоў тэрміну, пасля якога замежнікі маглі б падаваць заяву на атрыманне польскага грамадзянства. Пра гэта паведамляе Gazeta Prawna.

За прапанову Грамадзянскай кааліцыі (KO) аб адхіленні праекта прагаласавалі 240 дэпутатаў, супраць — 200. Устрыманых не было.

Дэпутацкі законапраект аб унясенні зменаў у закон аб польскім грамадзянстве быў унесены прадстаўнікамі PiS у кастрычніку. Дакумент прадугледжваў ускладненне працэдуры атрымання грамадзянства: замежнік мусіў на працягу дзесяці гадоў пастаянна пражываць у Польшчы і мець стабільны даход. У выпадку шлюбу грамадзяніна Польшчы з замежнікам апошні павінен быў бы бесперапынна жыць у краіне не менш за шэсць гадоў, каб атрымаць польскае грамадзянства.

Адзін з аўтараў праекта, дэпутат ад PiS Павел Хрэняк, падчас абмеркавання заяўляў, што падаўжэнне тэрміну з трох да дзесяці гадоў павінна спрыяць фармаванню ў замежнікаў пачуцця супольнасці, разуменню прынцыпаў функцыянавання польскай дзяржавы, а таксама авалоданню польскай мовай на размоўным узроўні.

Падчас дэбатаў намесніца міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Магдалена Рагуска нагадала, што ўжо вядзецца праца над урадавым праектам зменаў. Яна заклікала Сейм не працягваць працу над дэпутацкім праектам і дачакацца ўрадавай ініцыятывы.