
Беларускі каталіцкі святар, перакладчык Бібліі і рэлігійных тэкстаў на беларускую мову Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся 14 студзеня 1916 году ў засценку Амбружын (па-іншаму Амбражына, цяпер Ашмянскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. Скончыў 4 класы Вішнеўскай школы (цяпер Валожынскі раён), вучыўся ў Крэўскай гімназіі. У 1931-33 навучаўся ў Барунскай настаўніцкай гімназіі. У 1934 годзе пад уплывам свайго дзядзькі – ксяндза Францішка Чарняўскага – паступіў у гімназію ў Друі пры кляштары марыянаў. У 1938-ым яе закончыў і пайшоў у навіцыят Кангрэгацыі айцоў марыянаў. У звязку з высяленнем польскай паліцыяй шасці айцоў марыянаў з кляштара ў Друі правёў год навіцыяту ў мястэчку Скужэц Сядлецкага павету Люблінскага ваяводства. Пасля паступіў у віленскую семінарыю святога Восіпа, якую скончыў у 1945 годзе.
У кастрычніку 1944-га Чарняўскі быў высвечаны на капланства літоўскім біскупам Мечыславам Райнісам. Першае набажэнства адслужыў у Крэве па-беларуску. Пасля паехаў у Вільню і нейкі час працаваў у касцёле Святога Ігната. Пасля арышту Адама Станкевіча разглядаўся як кандыдат на яго месца, але прызначэнне не адбылося. Пазней Чарняўскі служыў у парафіях на ўсходзе Літоўскай ССР, у тым ліку ў Варэне і Эйшышках. Пасля пераведзены ў Войстам на Смаргоншчыне, служыў у касцёле Святой Тройцы. А ў кастрычніку 1953-га стаў пробашчам касцёлу Панны Марыі ў Вішневе на Валожыншчыне. Там правёў амаль усе гады сваёй душпастырскай дзейнасці. Ажно да канца 1980-ых карыстаўся ў духовай працы выключна беларускай мовай. Праводзіў беларускамоўныя імшы нават да ІІ Ватыканскага сабору, які афіцыйна дазволіў карыстацца ў касцёле нацыянальнымі мовамі. У 1966-ым атрымаў ліст ад Папы Паўла VI з прапановай пасады адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Але на гэта не пагадзілася савецкае кіраўніцтва. Уладзіслаў Чарняўскі наведаў Ватыкан, дзе сустракаўся з Паўлам VI. Папа даручыў яму заняцца перакладам Бібліі на беларускую мову. Чарняўскі пераклаў на беларускую мову сем кніг літургічных тэкстаў. Пераклады былі высланы на зацверджанне ў Ватыкан і праз некаторы час святар атрымаў запрашэнне зноў наведаць апостальскую сталіцу. Але на гэты раз савецкія спецслужбы не далі Чарняўскаму дазволу на выезд.

Прапановы ж Уладзіслава Чарняўскага больш шырокіх уводзінаў беларускай мовы ў касцёле не знаходзіла падтрымкі сярод іншых святароў. Фактычна ксёндз Уладзіслаў быў рупліўцам-адзіночкам. Затое стаў сапраўдным маральным аўтарытэтам сярод беларускай інтэлігенцыі. На беларускамоўныя службы ў Вішнева, і проста па маральную падтрымку і парады прыязджалі шматлікія беларускія грамадска-палітычныя дзеячы. Многіх вядомых асоб ён хрысціў. Айцец Уладзіслаў вёў перапіску з беларускімі святарамі Францішкам Чарняўскім і Чаславам Сіповічам. Камітэтам Ушанавання Чарняўскі быў узнагароджаны ордэнам “Гонар Айчыны”, а таксама запісаны ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”. Яго два разы запрашаў Папа Ян Павал ІІ ў Ватыкан, але Чарняўскі адмовіўся ад паездкі. Сваю адмову тлумачыў так: “Хай Папа ў Беларусь прыедзе. Хай пабачыць, якія мы занядбаныя, якія мы самотныя ў сваім змаганні…”.
Святар дачакаўся выдання свайго перакладу Новага запавету на беларускую мову. Памёр Уладзіслаў Чарняўскі 22 снежня 2001 году ў Менску. Пахаваны ў мясцовасці Вішнева (Валожынскі раён).
