
4 гады і 6 месяцаў таму сілавікі затрымалі Валянціна Стэфановіча.
14 ліпеня 2021 года да яго і іншых «вясноўцаў» прыйшлі з ператрусамі. Пазней Стэфановіча, Бяляцкага і Лабковіча звінавацілі ў «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
У сакавіку 2023-га году суддзя Марына Запаснік прысудзіла «вясноўцам» вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.
13 снежня па памілаванні былі вызваленыя адразу 123 палітвязні, сярод якіх — кіраўнік і заснавальнік «Вясны», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама юрыст «Вясны» і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзь Лабковіч. На жаль, Валянцін Стэфановіч дагэтуль застаецца ў зняволенні.
