фота з асабістага архіву Пачобутаў

Журналіст-палітвязень Анджэй Пачобут зноў знаходзіцца ў ізаляцыі. Ён мае праблемы са здароўем — арытмія сэрца і гіпертанія, а вага знізілася да 70 кілаграмаў. Пра гэта бацька палітвязня Станіслаў расказаў польскаму парталу WP Wiadomości.

Ён паведаміў, што апошні раз ліст ад сына прыйшоў пры канцы снежня 2025 года. Бацькі спадзяваліся, што Анджэй будзе ў ліку палітвязняў, вызваленых 13 снежня, але гэтага не здарылася.

Станіслаў Пачобут кажа, што не верыць, быццам Анджэй атрымліваў нейкія прапановы ад Лукашэнкі: “Калі б такая прапанова паступіла, ён бы не прыняў яе. Ён не здрадзіць сваім ідэалам”.

У лісце, які бацькі атрымалі ў снежні 2025-га, Анджэй піша: “Дарагія мама і тата! У мяне ўсё стабільна. Настрой у норме, паціху пачынаю адчуваць святочную атмасферу дзякуючы радыё. Шкада, замежныя мовы тут забароненыя — я б падцягнуў англійскую, а так чытаю вершы. Думкамі я з вамі і буду з вамі за святочным сталом. З любоўю, Анджэй”.

Бацька кажа, што сын стараецца берагчы іх ад кепскіх навінаў: “Калі ў Анджэя здараецца нешта дрэннае, ён дзеліцца гэтым са сваёй жонкай, а нас стараецца берагчы. Мы таксама пішам яму, што ў нас усё добра і што мы здаровыя. Трохі падманваем адзін аднаго. Але робім гэта дзеля любові. Мы не хочам засмучаць сына, а ён — бацькоў”.

Станіслаў Пачобут прызнаецца, што яго здароўе пагаршаецца: праз дыябет ён губляе зрок і з цяжкасцю ходзіць. “Чаго я жадаю? Каб Анджэй быў свабодны і здаровы. А сабе — толькі аднаго: паспець убачыць сына да таго, як я канчаткова аслепну”, — адзначае ён.

Разам з тым бацька кажа, што ганарыцца Анджэем за ягоную пазіцыю: “Што б ён ні вырашыў, мы гэта прымем і будзем яго падтрымліваць. Як я ўжо шмат разоў казаў, я вельмі ганаруся сваім сынам. Калі б я яго ўбачыў, я стаў бы перад ім на калені з захапленнем ад таго, якую пазіцыю ён заняў. Ад яго ўпартасці. Хаця не раз у мяне з’яўлялася думка, што цана, якую ён плаціць за свае ідэалы, занадта высокая. Гэта ж усё яго жыццё. Калі Анджэя арыштавалі, яго сын меў рост 120 сантыметраў. Сёння — 190”.