Каб атрымаць пашпарт ці некаторыя іншыя дакументы, беларускія мужчыны ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў будуць абавязаныя падаць даведку аб адносінах да вайсковага абавязку. Адпаведныя палажэнні ўнесеныя дадаткам ва ўказ №200 аб адміністрацыйных працэдурах.

Змены былі ўнесеныя ўказам ад 9 студзеня. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Так, для атрымання пашпарта грамадзянін Беларусі мужчынскага полу ва ўзросце 18-27 гадоў павінен падаць у аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі “даведку вайсковага камісарыяту, органа дзяржаўнай бяспекі наконт адносін да вайсковага абавязку”. Пад выключэнне трапілі беларусы, якія з’ехалі на сталае пражыванне за мяжу і стаяць на пастаянным консульскім уліку.

Выдаваць даведкі ў ваенкамаце абавязаныя бясплатна на працягу аднаго працоўнага дня. Дзейнічаць яна будзе шэсць месяцаў.

Такая ж даведка таксама спатрэбіцца пры наступных працэдурах:
— атрыманні ідэнтыфікацыйнай карты;
— абмене пашпарта традыцыйнага ўзору і ID-карты;
— выдачы (абмене) біяметрычнага пашпарта;
— выдачы і абмене пасведчання на права кіравання механічным транспартным сродкам;
— аднаўленні права кіравання аўтамабілем па заканчэнні тэрміну пазбаўлення правоў кіроўцы;
— атрыманні дазволаў на набыцьцё зброі, яе захоўванне і нашэнне.

Змены набываюць моц 11 лютага 2026 года.