Беларускі праваслаўны святар Іван Аляхновіч нарадзіўся 15 студзеня 1886 году ў мястэчку Докшыцы (цяперашні раённы цэнтр Віцебскай вобласці). Працаваў на паштова-тэлеграфнай станцыі па сваёй першай адукацыі. У час першай сусветнай вайны быў начальнікам палявога тэлеграфнага аддзялення ў расейскай арміі. У 1919-ым прызначаны псаломшчыкам Віленскага кафедральнага сабора, быў іпадыяканам. У 1921-ым скончыў багаслоўскія класы Віленскай духоўнай семінарыі, рукапакладзены ў сан іерэя. Служыў настаяцелем у Жыжме (цяперашні Івейскі раён). У 1924-ым пераведзены ў мястэчка Дакудава (Лідскі раён). У 1930-34 служыў у вёсцы Сарокі (Глыбоцкі раён), працаваў у Глыбоцкай польскай гімназіі. Са студзеня 1934-га – у мястэчку Івянец (Валожынскі раён). У верасні таго ж году прызначаны настаяцелем царквы ў Турэйску на Шчучыншчыне. Адначасна служыў у царкве Нараджэння Божай Маці ў Ракавічах. 5 верасня 1943-га году разам з матушкай Вольгай быў па-бандыцку забіты. Пахаваны ў Шчучыне.

Царква ў Ракавічах, сучасны выгляд

У 1943 годзе па тэрыторыі Лідскага павету пракацілася цэлая хваля забойстваў фармаваннямі Арміі Краёвай людзей беларускай арыентацыі, скіраваных на адраджэнне беларускасці. Пры тым некаторыя акаўцы забівалі не толькі беларускіх актывістаў, а цэлыя сем’і, разам з жонкамі і дзецьмі. Ішла другая сусветная вайна, вялікая катастрофа Еўропы. Пасля ж вайны многія старонкі таго жудаснага часу забыліся альбо сведама сціраліся з памяці. Факты забойстваў на тэрыторыі Лідскага павету акаўцамі беларусаў паводле нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці збіраў светлай памяці лідскі краязнавец Уладзімір Хрышчановіч. Некаторыя з сабраных фактаў ён надрукаваў у сваім апошнім артыкуле ў часопісе “Лідскі летапісец” за 2013 год. Хрышчановіч піша, што атрымаў ад Вітаўта Кіпеля ліст з копіяй старонак часопіса „Беларуская думка”, № 1, кастрычнік 1960 г. (Нью-Ёрк, Саўт-Рывер, ЗША), на якіх паказана агульная сітуацыя на Лідчыне ў 1941-1944 гг. Вось як апісваецца там сітуацыя датычная гісторыі, што здарылася ў Ракавічах. Падаем змест паводле арыгінальнага правапісу (падзеі у той публікацыі кажуць пра 1942 год, хоць іншыя крыніцы падаюць менавіта 1943-і): “У красавіку 1942 г. у мястэчку Васілішкі быў заснаваны паветавы аддзел Беларускай Народнай Самапомачы (БНС), на чале якога стаў настаўнік Юльян Груцкі. Тады ж быў прысланы на становішча школьнага інспэктара Шляхтун, стары беларускі настаўнік, які за часоў польскага панаваньня не атрымаў працы настаўніка, бо быў беларусам. Распачалася арганізацыя беларускіх школаў. У травені 1943 г. у Забалацьці быў заснаваны валасны аддзел БНС. Пачалася паступовая замена палякаў беларусамі ў адміністрацыі. На гэту арганізацыйную беларускую нацыянальную дзейнасьць палякі адказалі сваім крывавым тэрорам, ажыцьцяўляючы сваё спозненае вынішчэньне беларусаў. У нядзелю 19 чэрвеня 1942 г. паветавы старшыня БНС у Шчучыне, ён жа і дырэктар настаўніцкае сэмінарыі, Пётр Рандарэвіч зарганізаваў Сьвята Моладзі на беразе Нёмана, у 7 км ад Шчучына. Пасьля імпрэзы, ейныя кіраўнікі Рандарэвіч, Груцкі і Шляхтун зайшлі на вячэру да мясцовага сьвятара. Пад час вячэры, у памешканьне сьвятара ўварвалася некалькі ўзброеных палякаў, якія зажадалі ад прысутных дакумантаў. Шляхтун і Груцкі паказалі свае настаўніцкія пасьведчаньні, й іх не чапалі, але Рандарэвіча забралі, завялі ў жыта і застрэлілі. На наступны дзень – 20 чэрвеня – інспэктар Шляхтун і настаўнік Груцкі раніцай варочаліся на самакатах дамоў. Не даязджаючы 4 км. да Васілішак, яны былі затрыманы палякамі-паліцэйскімі з Васілішак, заведзеныя ў жыта і застрэленыя. Самакаты засталіся на дарозе. Калі аб зьнішчэньні данесьлі ў паліцыю, дык дасьледваньне было праведзена фармальна, і ніхто ня быў выкрыты. Праз тыдзень сяляне знайшлі трупы замардаваных па цяжкім паху і данесьлі ў паліцыю. Паліцыя прывязла трупы ў Васілішкі і з кпінамі казала, што гэта „падла” засмуродзіла ўсё мястэчка. Па некаторым часе на прыходзе Турэйск, каля Шчучына, быў замучаны на сьмерць са сваёй матушкай сьвятар Іван Аляхновіч”.

Крыж у Ракавічах памяці забітых беларусаў Аляхновічаў, Рандарэвіча, Груцкага, Шляхтуна