
Сумесная заява праваабарончай супольнасці Беларусі
15 студзеня 2026 года
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя формы пратэстнай актыўнасці выкарыстоўваюцца ўладамі як інструмент падаўлення грамадзянскага і палітычнага супраціву, іншадумства і антываенных выказванняў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаве і яе палітыцы. Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і респондэнтаў, а таксама за ўсе формы падтрымкі такіх суб’ектаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, стала вядома пра змяшчэнне пад варту і асуджэнне да пазбаўлення волі ў сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фармаваннямі” Алены Змушко, Іллі Дзіндзікава, Дзмітрыя Ільюхіна, Алега Ларычава, Дзмітрыя Карнейчыка, Веранікі Міронцавай, Лукер’і Міронцавай, Андрэя Стасюкевіча, Аляксандра Чумакова, Анастасіі Грыцкевіч, Максіма Собалева, Сяргея Манжаса, Сямёна Малашэнкава, Наталлі Бачурынскай.
Мы прызнаём названых асоб палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены” і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Алену Змушко, Іллю Дзіндзікава, Дзмітрыя Ільюхіна, Алега Ларычава, Дзмітрыя Карнейчыка, Вераніку Міронцаву, Лукер’ю Міронцаву, Андрэя Стасюкевіча, Аляксандра Чумакова, Анастасію Грыцкевіч, Максіма Собалева, Сяргея Манжаса, Сямёна Малашэнкава, Наталлю Бачурынскую;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Lawtrend;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Human Constanta;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Прававая ініцыятыва.
