
У 2025 годзе беларусы атрымалі ў Польшчы 34,2 тыс. відаў на жыхарства. Гэта на 18,3% менш, чым у 2024-м. Адпаведныя даныя заўважыла выданне MOST, якое вывучыла статыстыку міграцыйнага партала краіны.
28,7 тыс. беларусаў атрымалі часовы ВНЖ (часавы побыт), 4,8 тыс. — пастаянны ВНЖ (побыт сталы), яшчэ 708 чалавек — карту доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС.
Пры гэтым летась па польскія дакументы звярнулася 83,3 тыс. беларусаў. У 2024 годзе іх было 65,6 тыс. чалавек. Такім чынам колькасць пададзеных заяваў за год вырасла на 27%.
Найбольшая колькасць беларусаў жыве ў Мазавецкім ваяводстве: там за год ВНЖ атрымалі 12,4 тыс. нашх суайчыннікаў. Але гэта на 27,5% менш, чым у 2024 годзе. За ім ідуць Ніжнесілезскае (4,5 тыс., +9,1%) і Вялікапольскае (3,6 тыс., +5,3%) ваяводствы.
Найбольшае падзенне па выдачы ВНЖ беларусам зафіксаванае ў Падляшскім ваяводстве. Там у 2025 годзе беларусы атрымалі крыху менш за 2 тыс. відаў на жыхарства. У 2024-м там было выдадзена каля 3,4 тыс. ВНЖ для беларусаў, а ў 2023-м — амаль 6,3 тыс. Пры гэтым заявы на ВНЖ у гэтым ваяводстве летась падалі 8,3 тыс. беларусаў — амаль столькі ж, як у 2024-м.
У Паморскім ваяводстве выдача ВНЖ беларусам за год паменшала на чвэрць. Летась дакументы атрымалі 2,8 тыс. чалавек супраць 3,8 тыс. у 2024-м і 5,7 тыс. — у 2023-м. І гэта пры тым, што колькасць пададзеных заяваў вырасла: у 2025 годзе іх было 10,4 тыс., а за год да таго — 5,3 тыс.

Статыстыка выдачы ВНЖ беларусам у Польшчы / MOST
