З 17 студзеня ў Беларусі пачалі дзейнічаць асобныя палажэнні закона № 86‑З «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей». Дакумент істотна ўзмацняе кантроль за кадрамі ў сферы адукацыі і выхавання, а таксама ўскладае новыя абавязкі на бацькоў і наймальнікаў.

Цяпер асобы, якія маюць судзімасць па «экстрэмісцкіх» артыкулах, афіцыйна пазбаўляюцца права займацца педагагічнай дзейнасцю. Тут іх прыраўнялі да тых, хто асуджаны за наркотыкі.

Наймальнікі абавязаныя праводзіць псіхалагічныя гутаркі як з кандыдатамі, так і з тымі, хто ўжо працуе з дзецьмі.

Закон таксама закранае інфармацыйную прастору вакол непаўналетніх. На бацькоў цяпер ускладзены прамы абавязак абараняць дзяцей ад «шкоднай інфармацыі» ў інтэрнэце. Дзяржаўныя органы, у сваю чаргу, павінны кансультаваць бацькоў і апекуноў, як менавіта гэта рабіць.