5 гадоў таму – 18 студзеня 2021 года бярозаўскі грамадскі актывіст Вітольд Ашурак быў засуджаны да 5 гадоў зняволення, а фактычна – да смяротнага пакарання.

Яго звінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 (удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) Крымінальнага кодэкса.

Вядома, што Вітольда судзілі за падзеі 9 жніўня 2020 году ў Лідзе. Тады лідзяне прыйшлі пад райвыканкам з бел-чырвона-белымі сцягамі і транспарантамі. Чальцы выбарчай камісіі не маглі прайсці да райвыканкаму з выніковымі пратаколамі галасавання. Міліцыянты неаднаразова заклікалі людзей разысціся, бо мерапрыемства недазволенае. Аднак людзі не разыходзіліся, кідалі розныя прадметы ў супрацоўнікаў, у тым ліку і шкляныя бутэлькі. Ашурка абвінавацілі ў тым, што ён таксама выгукваў лозунгі, не падпарадкаваўся міліцыянтам, калі яго хацелі спыніць як аднаго з самых актыўных. Да таго ж, паводле афіцыйнай версіі, Ашурак ударыў міліцыянта Кацілу каленам у жывот. 

Без тлумачэння канкрэтных прычын суддзя Максім Філатаў абвясціў суд закрытым, спаслаўшыся на 23 артыкул Канстытуцыі і “пагрозу дзяржаўнай бяспецы”. 18 студзеня 2021 года ён прысудзіў Ашурку 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

«Я нікога не забіў, нікога не падмануў, нічога ня скраў. Я рабіў так, як патрабуе маё сумленне», — прыгадвае словы Вітольда Сяргей Пантус.

«Вось ужо тры месяцы я ў турме. І я ўважліва прыслухоўваюся да сябе — ці не стаў я менш свабодны ў інтэр’ерах з тоўстымі сценамі і жалезнымі дзвярыма з “кармушкай”? Ці пазбавіў мяне будынак былога езуіцкага калегіума свабоды маіх думак? Мае ворагі забралі ў мяне магчымасць бачыцца з роднымі, з жонкай, з сябрамі, але яны не маюць магчымасці прыставіць міліцыянта да маіх думак! Я па-ранейшаму свабодны адрозніваць чорнае ад белага і любіць сваю Айчыну Беларусь!» — так напісаў Вітольд у лісце ў рэдакцыю газеты «Новы час».

8-га красавіка 2021 г. у Гарадзенскім аблсудзе разглядалася апеляцыя Вітольда Ашурка. Прысуд пакінулі без зменаў.

21 траўня 2021 года Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца. Яму было толькі 50 гадоў.

Фактычна Вітольда Ашурка закатавалі ў шклоўскай калоніі.

Суддзя Максім Філатаў, які незаконна засудзіў Ашурка, зрабіў паспяховую службовую кар’еру. Спярша ён пайшоў на падвышэнне з Ліды ў Гарадзенскі абласны суд, а ў ліпені 2023 году быў прызначаны Лукашэнкам ажно суддзём Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь.