кабінет, фота ілюстрацыйнае

Звесткамі аб прызначэнні на кіраўнічыя пасады працаўнікоў, якіх раней звольнілі з дыскрэдытуючых прычын, падзялілася Генпракуратура Беларусі.

«Пракурорамі ўстаноўлена, што за пяць гадоў з 1233 асобаў, прызначаных на кіраўнічыя пасады, раней звольненых з дыскрэдытуючых прычын, больш як 85 працэнтаў прызначаныя ў парушэнне заканадаўства», – паведаміла Генпракуратура ў Telegram.

Але ведамства выдаліла пост з гэтай інфармацыяй, заўважыла «Зеркало». Публікацыю можна паглядзець у сэрвісе Tgsat.

Дэталяў праверак, праведзеных цягам «пяцігодкі», Генпракуратура не паведамляе і раіць шукаць гісторыі падобных звальненняў і прызначэнняў у матэрыяле свайго старэйшага пракурора Андрэя Федаровічава ў №4 друкаванага часопісу «Законнасць і правапарадак» за 2025 год.

Таксама незразумела, пра пасады якога ўзроўню і ў якіх структурах ідзе гаворка.

Але можна палічыць маштабы такіх неправамерных прызначэнняў: 85% ад 1233 – гэта звыш 1048 чалавек, то бок па 209 чалавек у год.