
20 студзеня 135 гадоў таму (1891) – У в. Дуляўцы (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Фабіян Ярэміч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч.
Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. Нарадзіўся як першынец у сялянскай сям’і Мацея і Юзэфы з Маршалкаў. Закончыўшы царкоўна-прыхадскую школу, пайшоў у свет шукаць лепшай долі. Маці яго памерла заўчасна. Бацька паўторна ажаніўся, меў яшчэ шасцёра дзяцей. Фабіян скончыў электратэхнічную школу ажно ў Пецярбургу. У 1912-ым патрапіў у турму за сацыял-дэмакратычную працу і прапаганду сярод тэлеграфістаў. Атрымаў пасаду старшага назіральніка на піцерскай тэлефоннай станцыі, на якой прычакаў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Тады пераехаў у Вільню, з якой родам была ягоная жонка Апалонія (Польдзя), дачка агранома Урбана. У 1919 годзе стаў там начальнікам тэлефонна-тэлеграфічнай станцыі. Быў ім да 1922-га. .
Быў старшынём віленскага беларускага нацыянальнага камітэту. Абраны дэлегатам і удзельнічаў у працы Першага Ўсебеларускага з’езду ў снежні 1917 года. Сябра прэзідыума Беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Сябра Рады БНР у 1918 годзе. У 1919-22 гадах працаваў начальнікам тэлефоннай станцыі ў Вільні.
У польскамоўных крыніцах, на падставе архіўных звестак сцвярджаецца, што Фабіян Ярэміч ваяваў на польскім баку ў час польска-бальшавіцкай вайны ў Беларускім палку стральцоў. За гэта ў 1930-ыя атрымаў як вайсковы асаднік зямлю на Паўночна-Ўсходніх Крэсах, быў чальцом Аб’яднаньня Асаднікаў. Аднак, беларускія гісторыкі даводзяць, што гэта быў зусім іншы чалавек з такім жа прозвішчам.

Беларускі пасольскі клуб
Фабіян Ярэміч тройчы абіраўся дэпутатам сойма Польшчы ў 1922-1935 гадах. Стаў старшынём Беларускага пасольскага клубу (1925-30) пасля выхаду адтуль Браніслава Тарашкевіча. Актыўна ўдзельнічаў у працы Таварыства Беларускай Школы. У 1925-ым быў адным з заснавальнікаў і лідараў Беларускага сялянскага саюзу, у 1926-ым – Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Быў выдаўцом газеты “Сялянская Ніва” (1925-30 гг.). У 1926 годзе ў складзе польскай парламенцкай дэлегацыі (у яе ўваходзіў таксама Пётр Мятла) наведаў БССР. У 1927 годзе Ярэміч разам з Васілём Рагулем занялі прынцыповую пазіцыю ў справе разгрому Грамады. У лютым на сойме Ярэміч, хоць і не падзяляў сацыяльных і эканамічных поглядаў Грамады і тым больш вельмі крытычна ставіўся да палітыкі камуністычнага кіраўніцтва БССР, выступіў у падтрымку грамадоўцаў і спрабаваў не дапусціць суду над імі. А ў 1928 годзе Фабіян Ярэміч на кароткі час быў сам арыштаваны з фармулёўкай “за антыпольскую дзейнасць”.

У час другой сусветнай вайны Ярэміч працаваў у органах нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў Менску і Барысаве. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 года, быў у яго прэзідыуме. У канцы вайны не з’ехаў на захад і быў арыштаваны НКВД у 1945 годзе. Зняволены ў савецкі канцлагер, дзе быў ажно да 1956 года. Пасля вярнуўся ў Вільню, дзе дажываў два апошнія свае гады. Памёр у сваім доме ў Калёніі пад Вільняй (цяпер раён Павільнюс) пасля цяжкай працы ў агародзе ад інсульту.
Можна сказаць, што лёс Фабіяна Ярэміча склаўся як у многіх беларускіх дзеячаў першай паловы дваццатага стагоддзя – з усімі супярэчнасцямі, пошукамі свайго, праблемамі, рэпрэсіямі няпростага перыяду.

партрэт Ярэміча
Ярэміч выгадаваў прынамсі свайго наступніка – забраў у Вільню свайго 16-гадовага пляменніка Язэпа Найдзюка з Бойдатаў, які дзякуючы яму стаў актыўным беларускім дзеячам і кіраваў беларускай друкарняй. Стаў хросным бацькам дачкі Язэпа Рэгіны, якая жыве ў Вільні.
Пахаваны на Павіленскіх могілках. Па некаторых сведчаннях магілу доўга ніхто не даглядаў. Помнік нядаўна зменены, а прозвішча на ім цяпер напісана на чужы капыл – “Ереміч”.

