Засуджанага на 25 гадоў палітвязня на тры гады адправяць для адбывання зняволення ў крытую турму.

Такое рашэнне прыняў выязны суд, які прайшоў 23 студзеня ў калоніі № 14 у Навасадах каля Барысава, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на сваю крыніцу.

Суд над Аўтуховічам адбываўся цягам двух дзён — 20 і 23 студзеня.

За якія парушэнні Аўтуховіча пакаралі новым пераводам на турэмны рэжым, крыніцы невядома. Паводле яе слоў, у ПК-14 палітвязень адбыў 7 сутак у ШІЗА, пасля чаго скардзіўся на тое, што застудзіў вуха.

Пакуль невядома, ці будзе Мікалай Аўтуховіч абскарджваць рашэнне суда аб пераводзе яго на турэмны рэжым.

У калонію Аўтуховіча перавялі напрыканцы 2025 года з гродзенскай турмы, дзе ён адбываў пакаранне пасля прысуду.

Яго затрымалі ў снежні 2020 года, а ў кастрычніку 2022‑га асудзілі на 25 гадоў зняволення паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку па такіх цяжкіх артыкулах, як «акт тэрарызму» і «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», за якія прадугледжана нават смяротнае пакаранне. Паводле выраку, першыя 5 гадоў ён мусіў адбываць на турэмным рэжыме.

Гэта ўжо трэцяе зняволенне Мікалая Аўтуховіча. Першае было з кастрычніка 2005 года да студзеня 2008-га. Другое — з лютага 2009‑га да красавіка 2014 года, прычым больш за два гады да канца тэрміну ён правёў у гродзенскай турме.