У Беластоцкім агруговым судзе адбылося другое паседжанне ў працэсе паводле позвы грамадзяніна Беларусі, палітычнага ўцекача Уладзіміра Л. Ён падаў пазоў супраць банку Alior у справе беспадстаўнай дыскрымінацыі правоў.

Напомнім, што яшчэ ў лістападзе 2024 году Уладзімір Л. пастанавіў адкрыць у беластоцкім аддзяленні банку Alior асабісты ашчадны рахунак. Пры тым беларус прадставіў усе патрабаваныя на той момант банкам дакументы для адкрыцця рахунку. Супрацоўнікі банка адразу не маглі вызначыцца з правамоцнасцю адкрыцця такога рахунка, але ўрэшце адзванілі Уладзіміру Л. і паведамілі яму, што адкрыць рахунак немагчыма на той падставе, што Уладзімір ёсьць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

У такой сітуацыі Уладзімір Л. стаў аспрэчваць рашэнне аддзялення банку шляхам скаргаў. Аднак гэта так і не дало станоўчага выніку. Пасля гэтага Уладзімір Л. падаў пазоў у суд. Ён патрабуе маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі за фактычную дыскрымінацыю яго правоў на падставе грамадзянства.

На другім судовым паседжанні было апытанне сведак – аднаго з боку беларуса і аднаго з боку адказчыка. Бок адказчыка – цэнтральны офіс банку – прадстаўляе адвакатка. Сувязь у судзе з ёй арганізаваная праз відэа. А сведкам на другім паседжанні выступіла якраз тая супрацоўніца, якая кантактавала з беларусам у беластоцкім аддзяленні банку. Па-сутнасці яна нічога не вырашала ў справе адмовы і была толькі перадавальным звяном інфармацыі. Сведка супрацоўніца беластоцкага аддзялення банку на паседжанні сказала наступнае: “Nie znam żadnych okoliczności oprócz obywatelstwa powoda, które mogłyby rzutować na odmowę założenia rachunku”. (Ня ведаю ніякіх акалічнасцяў, апрача грамадзянства істца, якія маглі б уплываць на адмову закладання рахунку).

Пасля апытання сведак суд пастанавіў запатрабаваць дадатковыя дакументы для вывучэння сітуацыі. Дата наступнага паседжання пакуль не прызначана.