
Рэформа ў школьнай сістэме можа прывесці да закрыцця адзінай у сталіцы Літвы беларускамоўнай гімназіі імя Францыска Скарыны. Асацыяцыя беларускіх бацькоў Літвы просіць паставіць свой подпіс за захаванне адукацыі на роднай мове.
Нагодай сталі планы віленскіх уладаў па рэфармаванні школьнай сеткі, якія могуць паставіць пад пагрозу існаванне адзінай у горадзе беларускамоўнай навучальнай установы — Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны.
Сутнасць прапанаваных змен палягае ў тым, каб дзеці замежнікаў, якія прыязджаюць у краіну, накіроўваліся выключна ў літоўскамоўныя школы. На думку ініцыятараў рэформы, гэта павінна паскорыць інтэграцыю мігрантаў.
Аднак бацькі і грамадскія актывісты асцерагаюцца, што забарона на прыём новых вучняў без літоўскага грамадзянства прывядзе да знікнення беларускіх класаў і канчатковага закрыцця гімназіі.
28 студзеня адбудзецца пасяджэнне Віленскай гарадской рады, на якім могуць прыняць змены да Парадку прыёму ў агульнаадукацыйныя школы горада Вільні. У гэтым выпадку грамадзяне іншых краін з часовымі і сталымі дазволамі на жыхарства змогуць аддаваць дзяцей толькі ў пачатковыя школы з літоўскай мовай выкладання.
У сувязі з гэтым падрыхтаваны зварот да Віленскай гарадской рады з просьбай дазволіць дзецям беларусаў захаваць выбар – ісці ў школы з літоўскай мовай адукацыі ці вучыцца на беларускай мове ў гімназіі Скарыны.
Асацыяцыя заклікае падтрымаць гэту ініцыятыву і пакінуць свой подпіс па спасылцы (тут таксама можна знайсці поўны тэкст звароту).
Наша Ніва
