NATO плануе цягам наступных двух гадоў стварыць бязлюдную рабатызаваную зону на мяжы з Расеяй і Беларуссю, а таксама назапасіць там значна больш зброі, паведаміў брыгадны генерал Бундэсвера Томас Ловін у інтэрв’ю выданню Welt am Sonntag.

Ловін стаў першым генералам NATO, які публічна распавёў пра новую канцэпцыю абароны — Eastern Flank Deterrence Line (EFDL) (Лінія стрымлівання на ўсходнім флангу). Паводле інфармацыі газеты, гэтую канцэпцыю плануецца рэалізаваць па магчымасці ўжо да канца 2027 года.

«Мы ўбачым адчувальна большыя запасы, чым раней, у дзяржавах NATO, якія мяжуюць з Расеяй», — заявіў выданню Ловін, які з’яўляецца намеснікам начальніка штаба па пытаннях аператыўнага кіравання Сухапутнага камандавання NATO ў Ізміры.

Паводле яго слоў, гэта будзе ўключаць «склады зброі і боепрыпасаў для пераўзбраення сістэм абароны ў аўтаматызаванай зоне, а таксама для аснашчэння сіл NATO».

Ловін адзначыў, што Альянс мае намер «пабудаваць комплексную шматслойную сістэму абароны ўздоўж мяжы з Расіяй і Беларуссю і выкарыстоўваць для абароны не толькі канвенцыйныя войскі, але і з дапамогай перашкод і тэхналогій стварыць рабатызаваную або аўтаматызаваную зону ў памежнай зоне з праціўнікам, якую таму прыйдзецца спачатку пераадолець».

Сістэма датчыкаў разведкі і ў значнай ступені аўтаматызаваная і рабатызаваная зброя павінны дапамагчы спыніць расійскія войскі на першым этапе нападу, адначасова захоўваючы жыцці ўласных салдат.

Паводле слоў генерала, новая аўтаматызаваная зона на мяжы з Расеяй і Беларуссю будзе пераважна бязлюднай.