
фота ілюстрацыйнае
У сеціве выявілі базу звестак, у якой захоўваюцца 149 млн лагінаў і пароляў карыстальнікаў папулярных сэрвісаў электроннай пошты, а таксама мэсэнджараў.
«Я знайшоў тысячы файлаў, што змяшчаюць электронныя лісты, імёны карыстальнікаў, паролі і URL-спасылкі для ўваходу ў сістэму або аўтарызацыі ўліковых запісаў», – паведаміў эксперт у кібербяспецы Джэрамая Фаўлер, які выявіў базу звестак.
Як паведамляе Forbes, гаворка ідзе пра звесткі карыстальнікаў для ўваходу ў Gmail, Facebook, Instagram, Yahoo!, Netflix і Outlook.
Паводле словаў Фаўлера, аб’ём базы звестак – 96 ГБ. Ён лічыць, што яе маглі стварыць і для законных, даследчых мэтаў. Але той факт, што яна не была зашыфраваная і не мела нават пароля, «прымушае думаць інакш», дадаў ён. Эксперт не ведае, ці выкарыстоўвалася інфармацыя кіберзлачынцамі, але адзначае трывожныя моманты.
«Колькасць запісаў павялічылася з таго часу, як я выявіў базу звестак, да таго часу, як яна сталася абмежаванай і недаступнай, таму гэта быў не нейкі даўно закінуты праект, а хутчэй жывы і актыўны праект».
Больш за ўсё пацярпелі карыстальнікі Gmail – у базе 48 млн лагінаў і пароляў для аўтарызацыі. На другім месцы – Facebook (17 млн) і Instagram (6,5 млн). Далей Yahoo – 4 млн, Netflix – 3,4 млн і Outlook – 1,5 млн.
Адмыслоўца дадаў, што здолей дамагчыся выдалення масіву інфармацыі, але на гэта спатрэбілася больш за месяц.
Рэсурс раіць усім карыстальнікам названых сэрвісаў пераканацца, што вы не выкарыстоўваеце паролі паўторна на іншых рэсурсах, праверыць уліковыя запісы і сур’ёзна паставіцца да бяспекі.
«Па магчымасці перайдзіце на ключы доступу і ўлучыце бяспечную двухфактарную аўтэнтыфікацыю для абароны свайго ўліковага запісу», – гаворыцца ў публікацыі.
Белсат
