
Наваградак. Памятны знак на адным з месцаў расстрэлу габрэяў з Наваградскага гета.
27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту.
Дзяржаўнай ідэалогія фашысцкай Германіі была скіраваная на масавае знішчэнне габрэяў, такая палітыка праводзілася на ўсіх акупаваных тэрыторыях Еўропы. Гарадзеншчына, на жаль, таксама зазнала гэты страшны пераслед.
На тэрыторыі Гарадзенскай вобласці было створана ажно 56 гета. На прымусовыя працы адпраўляі ўсіх габрэяў ад 16 да 60 гадоў. Іх не кармілі і нічога ім за працу не плацілі. За малейшае парушэнне “правіл” габрэяў забівалі.
У ліпені 2025 году было падпісана пагадненне аб стварэнні першага музея Халакосту ў Беларусі. Беларускі музей Халакосту і супраціву будзе размешчаны ў Наваградку, дзе падчас нацысцкай акупацыі былі забітыя 11 000 габрэяў.
Музейная ўстанова ў Наваградку ўшануе памяць 11 000 габрэяў — ахвяр нацысцкіх распраў, і 250 вязняў гета, якія пракапалі сабе шлях да свабоды.
Пагадненне 10 ліпеня 2025 года падпісалі Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускі фонд міру і Наваградскі раённы выканаўчы камітэт.
У Наваградку ў час Другой сусветнай вайны адбыўся надзвычайны акт яўрэйскага супраціву. 26 верасня 1943 года 250 вязняў здзейснілі найбольш маштабныя ў акупаванай нацыстамі Еўропе дакументаваныя ўцёкі з гета, таемна выкапаўшы за пяць месяцаў 250-метровы тунэль.
Многія ўцекачы далучыліся да партызанскага атрада Тувэ Бельскага — адзінага цалкам габрэйскага партызанскага атрада ў Беларусі, які вёў з ляснога лагера ў Налібоцкай пушчы змаганне з нацыстамі і выратаваў больш за 1200 габрэяў.
