Кабінет міністраў Літвы ўхваліў падаўжэнне дзеяння нацыянальных санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, а таксама пагадзіўся з абмежаваннямі на ўвоз паліва транспартам з беларускай і расейскай рэгістрацыяй.

Як паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу ўраду Літвы, кабінет міністраў ухваліў прапанову Міністэрства замежных справаў і падоўжыў дзеянне нацыянальных санкцыяў у дачыненні грамадзянаў Расеі і Беларусі да 31 снежня 2027 года.

Раней абмежаванні падаўжаліся на год і мусілі б скончыць дзеянне 2 траўня 2026 года, тым не менш было прынятае рашэнне працягнуць іх на большы перыяд.

«Урад пагадзіўся падоўжыць прадугледжаныя абмежаванні не на год, а да 31 снежня 2027 года, бо гэта не супярэчыць прынцыпу прапарцыйнасці мераў і ўлічвае тое, што абмежавальныя механізмы маюць часовы характар ​​і могуць быць перагледжаныя», – цытуе літоўскі кабінет міністраў ТАСС.

Санкцыі, у прыватнасці, прадугледжваюць прыпыненне разгляду заяваў грамадзянаў Беларусі і Расеі на атрыманне часовых відаў на жыхарства ў Літве. Таксама аўтаматычна анулююцца дазволы на жыхарства асобаў, якія на працягу трох месяцаў больш за адзін раз наведвалі Расею або Беларусь.

Як паведамляе выданне «Verslo Žinios», у МЗС адзначылі, што падаўжэнне тэрміну дзеяння дасць Літве магчымасць ужываць абмежавальныя захады на нацыянальным узроўні супраць дзяржаваў-агрэсараў у якасці інструмента замежнай палітыкі ў дадатак да міжнародных санкцыяў, уведзеных Еўразвязам праз вайну Расеі супраць Украіны.

Акрамя таго, Міністэрства замежных справаў Літвы прапанавала не ўводзіць новых абмежавальных мераў, а ўдакладніць парадак уезду транспартных сродкаў. Было прапанавана ўвесці забарону на імпарт паліва ў паліўных баках транспартных сродкаў, калі колькасць паліва ў іх перавышае 200 літраў.

Як паведамляецца, ініцыятыва была вылучаная мытным дэпартаментам. Паводле яго звестак, частку паліва, якое ўвозіцца ў баках, нярэдка незаконна зліваюць і прадаюць. У сярэднім штодня ў Літву заязджае каля 200 грузавікоў з расейскай і беларускай рэгістрацыяй, а за месяц – больш за 7 тысячаў. Паводле падлікаў дэпартаменту, страты дзяржавы ад нясплачаных падаткаў могуць складаць да 2,2 мільёна еўраў на месяц.

Аналагічныя абмежаванні на ўвоз паліва з Беларусі з 1 студзеня 2025 года ўжо дзеюць у Латвіі.

Дзеля таго, каб рашэнне ўраду набыло моц, патрэбна, каб яго ўхваліў літоўскі Сейм. 

Белсат