
Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання Польшчы адмовіла беларускаму бізнесоўцу Валянціну Байко ў змене раней прынятай пастановы аб увядзенні супраць яго абмежавальных захадаў, уключаючы забарону на ўезд у Шэнгенскую зону і замарожванне актываў. Гэта вынікае з пастановы ведамства ад 28 студзеня 2026 года.
Гаворка пра санкцыі, уведзеныя 29 траўня 2023 года з ініцыятывы Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Тады Валянцін Байко быў унесены ў Нацыянальны санкцыйны спіс на падставе польскага закону «Аб супрацьдзеянні падтрыманню агрэсіі супраць Украіны і абароне нацыянальнай бяспекі». У межах гэтай пастановы ягоныя звесткі таксама былі перададзеныя ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS II), што зрабіла немагчымым уезд ува ўсе краіны Шэнгенскага пагаднення.
У снежні 2025 года Байко, дзейнічаючы праз юрыдычную фірму з Бухарэсту, звярнуўся ў МУС Польшчы з просьбай змяніць гэтую пастанову і выдаліць ягоныя звесткі з SIS II. У заяве сцвярджалася, што забарона на ўезд незаконная і неадпаведная, мае дыскрымінацыйны характар і парушае ягонае права на прыватнае і прафесійнае жыццё, а таксама палажэнні Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека і Хартыі асноўных правоў ЕЗ.
Польскае МУС паўторна запытала ацэнку ў Агенцтва ўнутранай бяспекі. У ABW прыйшлі да высновы, што падставаў для скасавання або змякчэння санкцыяў няма. У пастанове пазначана, што Валянцін Байко застаецца дзейным членам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і, паводле ацэнкі польскіх спецслужбаў, мае ўстойлівыя палітычныя і бізнес-сувязі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
У дакуменце падкрэсліваецца, што беларускія парламентарыі пасля выбараў 2020 года бралі ўдзел у прыняцці законаў, якія пашыраюць паўнамоцтвы сілавых структураў, што абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзянаў, дзейнасць незалежных медыяў і нацыянальных меншасцяў. На думку польскага боку, гэтая дзейнасць «пераводзіцца ў рэальныя рэпрэсіі», у тым ліку ў дачыненні польскай супольнасці ў Беларусі, і ўяўляе пагрозу бяспецы і міжнароднай пазіцыі Польшчы.
Міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы пагадзіўся з высновамі ABW і адмовіў у задавальненні хадайніцтва. Такім чынам, забарона на ўезд Валянціна Байко ў краіны Шэнгенскай зоны і іншыя абмежавальныя захады застаюцца ў сіле.
Хто такі Валянцін Байко
Валянцін Байко – беларускі бізнесовец, які займае 43-е месца ў топ-100 самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі за 2025 год паводле выдання «Беларусы і рынак», саўладальнік шматпрофільнага бізнесу.
Яго асноўны актыў – вытворчасць панчошна-шкарпэткавай прадукцыі і бялізны «Контэ Спа».
Другі важны актыў Валянціна Байко і ягонага брата Дзмітрыя – Тураўскі малочны камбінат. Акрамя таго, Байко інвеставаў у праекты вырошчвання грыбоў, у шчучынскую кампанію «ЛОГАЛ-БIО» (вытворчасць арганічных угнаенняў), а таксама ў сетку ветравых і сонечных электрастанцыяў. Ён таксама лічыцца адным з найбуйнейшых у Беларусі вытворцаў прадукцыі арганічнага земляробства і бярэ ўдзел у шэрагу профільных праектаў, уключаючы кампаніі «Здаровая краіна», «Арганік Лэнд» і «НОЎ-ЦІЛ Арганік».
Байко – член Савету Рэспублікі.
Белсат
