Еўразвяз можа прызнаць немэтазгоднай выдачу віз (у тым ліку турыстычных) грамадзянам дзяржаў, якія разглядаюцца як пагроза бяспецы Еўразвязу. Пра гэта гаворыцца ў новай міграцыйнай стратэгіі, якую прэзентавала 29 студзеня Еўракамісія.

Гэты дакумент будзе на бліжэйшыя пяць гадоў вызначаць працу Еўразвязу ў галіне прытулку і міграцыі.

Як паведамлялася раней, у новай міграцыйнай стратэгіі Беларусь і Расея названыя варожымі дзяржавамі і пагрозай бяспецы Еўразвязу. У дакуменце адзначаецца, што РФ і РБ спарадзілі новыя формы гібрыдных пагроз для Еўразвязу, выкарыстоўваючы міграцыю ў палітычных мэтах.

Новая візавая стратэгія Еўразвязу засяроджваецца на трох ключавых кірунках — узмацненне бяспекі, рост дабрабыту і канкурэнтаздольнасці, сучасныя візавыя інструменты. У прыватнасці, да 2028 года плануецца сумясціць візавыя і памежныя ІТ-сістэмы ЕЗ, каб адначасна правяраць некалькі баз даных праз адзіны цэнтральны пошук.