Прэзентацыя выставы «Беларусь. Галасы забароненых кніг» і сустрэча з «забароненым» аўтарам, гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

З 24 студзеня ў Музеі вольнай Беларусі працуе выстава «Беларусь. Галасы забароненых кніг», падрыхтаваная пісьменніцкай арганізацыяй Беларускі ПЭН. У мінулую суботу ў межах праекту адбылася сустрэча з «забароненым» аўтарам – гісторыкам Алесем Смаленчуком, які распавёў пра забарону кніг як палітычную і гістарычную практыку, а таксама – пра магчымыя наступствы. Паводле праекту Belarus. Banned books, пад забаронай у Беларусі сёння як мінімум 312 кніг. 

Сустрэча з пісьменнікам і гісторыкам Алесем Смаленчуком адбывалася на фоне і ў атачэнні жоўта-чорных інфармацыйных стэндаў, якія не толькі распавядаюць наведнікам пра забароненыя ў Беларусі кнігі, але і робяцца іх галасамі.

«Ім хочацца каб людзі верылі не ў ідэю, а ў страх»

«Я была напісаная на турэмнай шконцы, сярод смуроду, здзеку і цемры, і сведчу: каты баяцца душы, якая не зламалася. Ім хочацца каб людзі верылі не ў ідэю, а ў страх. Мяне забаранілі, бо я разбураю вобраз «правільнага зэка» – зламанага, скоранага. Але праўда адбіваецца на маіх старонках: нават у кайданках чалавек можа заставацца свабодным. Цяпер мой аўтар у выгнанні», – гэта, для прыкладу, голас кнігі «Чарвяк» Змітра Дашкевіча, якая выйшла з друку яшчэ ў 2013 годзе і трапіла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» праз 12 гадоў – у лютым 2025-га.

Таццяна Нядбай на сустрэчы з гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат
Таццяна Нядбай на сустрэчы з гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

Як зазначыла падчас прэзентацыі выставы старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай, можна казаць пра тры спісы забароненых кніжак. Гэта спіс выданняў, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. У другім спісе – кнігі, якія, паводле ўладаў, «шкодзяць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». А трэці – гэта нефармальны, «прывідны», спіс твораў і аўтараў, якія трапляюць пад непублічную забарону: кнігі знікаюць з паліцаў кнігарняў і бібліятэк, са школьных праграмаў, не пакідаючы па сабе папяровага следу.

«Чаму забараняюцца кнігі? Улада ніяк гэта не тлумачыць, няма ніякіх уцямных тлумачэнняў афіцыйнай пазіцыі, каб яе можна было аспрэчыць ці прынамсі ўзяць да ведаму. Мы можам выказваць толькі свае меркаванні і разуменне, чаму гэтыя кнігі забараняюцца, сыходзячы з практыкі пераследу», – казала Таццяна Нядбай.

Паводле аўтараў праекту, кнігі ў Беларусі забараняюць за беларускі, а не прарасейскі, погляд на гісторыю, за крытыку ўлады, за праўду пра рэпрэсіі і вайну, наагул – за спачуванне, чалавечнасць і любоў, а нават – за бел-чырвона-белую вокладку.

Выстава «Беларусь. Галасы забароненых кніг» і сустрэча з гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат
Выстава «Беларусь. Галасы забароненых кніг» і сустрэча з гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

«Забароненае можа быць усё…»

Як сцвярджае гісторык Алесь Смалянчук, «забароненым можа аказацца ўсё». Ягонае даследаванне «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў» трапіла ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у студзені 2023 года.

,,

«Мы нават прыйшлі на суд разам з выдаўцом і спрабавалі размаўляць з суддзёй. Яна рабіла выгляд, што нас разумее. А ўсе нашыя спробы неяк апеляваць да суддзі і паўплываць на рашэнне прыводзілі да таго, што суд папросту «сыходзіў на нараду». Мы пасля паглядзелі, што гэта за суддзя, а суддзя, аказалася, займалася да гэтага толькі справамі, звязанымі з нерухомасцю…» – распавядаў Алесь Смалянчук.

На думку Смаленчука, у сучаснай Беларусі, на адрозненне ад класічнай таталітарнай цэнзуры, якая панавала, прыкладам, у СССР і нацысцкай Нямеччыне, назіраецца так званая гібрыдная мадэль. Чым яна адметная?

,,

«У гэтай мадэлі цэнзура перастае быць выключна дзяржаўнай практыкай і ператвараецца ў размеркаваны механізм, у якім прысутнічае масавая аўтацэнзура выдаўцоў, бібліятэк і аўтараў. Гібрыдная цэнзура не патрабуе татальнага знішчэння літаратуры і не стварае выразнага «канону дазволенага», але эфектыўна звужае межы дапушчальнага», – падкрэсліваў Алесь Смалянчук.

У прасторы «гібрыднай цэнзуры» няма нейкага адзінага цэнзурнага органу, ужываюцца вельмі расплывістыя юрыдычныя катэгорыі накшталт «экстрэмізм» ці «дыскрэдытацыя дзяржавы» і стымулюецца масавая аўтацэнзура.

«Беларускі кейс дэманструе, што гібрыдная цэнзура можа быць не менш эфектыўнай, чым класічныя таталітарныя мадэлі, паколькі яна рассейвае адказнасць, робіць кантроль менш бачным і ператварае страх у структурны элемент культурнага поля. Беларусь – прыклад сучаснай мадэлі, дзе страх і няпэўнасць замяняюць афіцыйныя забароны», – прыходзіць да высновы Алесь Смалянчук.

Забарона кніг, кажа выступоўца, гэта заўсёды страх улады перад свабоднаю думкаю.

Сустрэча з гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат
Сустрэча з гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

«Гэта проста спыняе нашую творчасць»

«Калі мы хочам свабоднага грамадства, то павінныя звяртаць увагу не толькі на гучныя забароны, але і на ціхае знікненне кніг з нашай прасторы, бо маўчанне часам больш жахлівае, чым дубінка», – казаў падчас сустрэчы Алесь Смалянчук.

Праблема, на думку Алеся Смаленчука, не толькі ў колькасці забароненых кніг, але і ў колькасці кніг, якія ніколі не будуць напісаныя, выдадзеныя ды прачытаныя.

,,

«Тэма забароны кніжак вельмі балючая для ўсіх нас. Бо гэта проста спыняе нашую творчасць. Мы спыняем творчасць. І гэта, між іншым, б’е па нашай будучыні», – падсумоўваў Алесь Смалянчук.

Калі гаворка пра ненапісаныя кнігі, то трэба казаць і пра канфіскаваныя турэмнікамі рукапісы. Пра гэта распавядалі былыя палітзняволеныя Уладзімір Мацкевіч, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Фядута, Максім Знак, Ігар Карней, Генадзь Фядыніч ды іншыя. Ці ўдасца калі-небудзь вярнуць адабраныя рэжымам нататкі («Рукапісы не гараць?»)?

На выставе «Беларусь. Галасы забароненых кніг» пустое крэсла, якое сімвалізуе прысутнасць тых, «чый голас не можа, але павінен гучаць», прысвечанае акурат канфіскаваным рукапісам, што працягваюць адбываць несправядлівае пакаранне.

«Мы як нацыя страчваем важныя кнігі, ідэі, словы, якія застануцца ў турмах, і, магчыма, ніколі не трапяць да сваіх чытачоў», – чытаем на стэндзе, размешчаным каля пустога крэсла.

Прэзентацыя выставы «Беларусь. Галасы забароненых кніг» і сустрэча з «забароненым» аўтарам, гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат
Прэзентацыя выставы «Беларусь. Галасы забароненых кніг» і сустрэча з «забароненым» аўтарам, гісторыкам Алесем Смаленчуком у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча, 31 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

«Забароненая» бібліятэка на выставе

У межах выставы можна не толькі пачуць галасы забароненых кніг, але ўзяць у рукі і пагартаць іх жывыя «целы» – тут прэзентуецца невялікая бібліятэчка забароненых у Беларусі выданняў.

У гэтым зборы, сярод іншых, «Каменнае сэрца» Паўла Севярынца, «Сабакі Еўропы» і «Апошняя кніга пана А» Альгерда Бахарэвіча, альбом «Айчына» Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава, «Цынкавыя хлопчыкі» і «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч, «Чырвоны крыж» Сашы Філіпенкі, «Беларускі Данбас» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша ды іншыя.

На сённяшні дзень у Беларусі трапілі пад забарону з палітычных ці ідэалагічных прычынаў 312 кніжак, больш за 257 аўтараў і аўтарак. За апошнія пяць гадоў у краіне былі зліквідаваныя 5 выдавецтваў. Дасюль у няволі лукашэнкаўскага рэжыму застаецца не менш як 31 чалавек слова.

Выстава «Беларусь. Галасы забароненых кніг» адкрытая для наведвання ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі да 7 лютага.

Белсат