фота ілюстрацыйнае

Амаль трэць усіх зарэгістраваных у Беларусі злачынстваў звязана з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Пра гэта 3 лютага паведаміў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксандр Рынгевіч.

Паводле ягоных словаў, па выніках 2025 года агульная колькасць кіберзлачынстваў у краіне скарацілася амаль на 6% у параўнанні з папярэднімі гадамі. Аднак іх доля ў агульнай структуры злачыннасці працягвае расці і складае каля 30% – фактычна кожнае трэцяе злачынства.

Як адзначыў прадстаўнік МУС, схемы махляроў становяцца ўсё больш складанымі. Калі раней зламыснікі часта абмяжоўваліся адным тэлефонным званком, то сёння злачынствы нярэдка разгортваюцца паводле загадзя прадуманага сцэнару. Першы кантакт можа выглядаць бяскрыўдна – на падставе замены дамафона, лічыльнікаў або ўдакладнення персанальных дадзеных.

«Ключавую ролю адыгрывае другі ці нават трэці. Той, хто тэлефануе, пераконвае чалавека, абапіраючыся на папярэднія падзеі, што ён нібыта быў уцягнуты ў супрацьпраўную дзейнасць і цяпер неабходна тэрмінова «ратаваць» грошы», – растлумачыў Аляксандр Рынгевіч. У выніку людзі самі пераводзяць сродкі, перадаюць канфідэнцыйную інфармацыю або здзяйсняюць іншыя дзеянні ў інтарэсах махляроў. Сярэдняя шкода ад аднаго кіберзлачынства ў 2025 годзе склала каля 4 тысяч беларускіх рублёў.

Асобную занепакоенасць, паводле МУС, выклікае рост колькасці злачынстваў, накіраваных на дзяцей. Зламыснікі збіраюць дадзеныя пра тэлефонныя нумары непаўналетніх і гульнявыя акаўнты, выходзяць з імі на сувязь праз мэсэнджары і сацсеткі, а затым пад пагрозамі прычынення шкоды, адлічэння з навучальных устаноў або звальнення бацькоў вымушаюць перадаваць кур’ерам грошы, раскрываць рэквізіты банкаўскіх картак або нават станавіцца саўдзельнікамі злачынстваў.

У ведамстве дадалі, што для прафілактыкі падобных выпадкаў праводзіцца актыўная праца ва ўстановах адукацыі. Дзецям і падлеткам тлумачаць, што любыя просьбы аб перадачы грошай або персанальных дадзеных у Інтэрнэце павінны стаць падставай, каб неадкладна звярнуцца да бацькоў або педагогаў.

У МУС таксама падкрэслілі, што эфектыўнасць барацьбы з кіберзлачыннасцю шмат у чым залежыць ад уважлівасці саміх грамадзян і своечасовага звароту ў праваахоўныя органы.

У сваю чаргу, Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра маштабную працу дзеля блакавання ашуканскіх рэсурсаў. Паводле звестак ведамства, у 2025 годзе следчыя выявілі і заблакавалі 14 679 інтэрнэт-рэсурсаў, якія выкарыстоўваліся для дыстанцыйных крадзяжоў і іншых злачынстваў. Доступ да іх быў абмежаваны ў нацыянальным сегменце інтэрнэту, што, паводле ацэнкі Следчага камітэту, дазволіла знізіць рызыкі для грамадзян і арганізацый.

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства цэнтральнага апарату Следчага камітэту Андрэй Матолька, у мінулым годзе ва ўзаемадзеянні з органамі дазнання і праваахоўнымі структурамі краін СНД была праведзена маштабная работа па спыненні дзейнасці транснацыянальных арганізаваных групаў. Па выніках расследаванняў абвінавачванні былі прадʼяўленыя 1766 асобам, з якіх 128 здзяйснялі злачынствы ў складзе арганізаваных злачынных групаў, і крымінальныя справы былі накіраваныя ў суд.

Белсат