
Беларусы ў Беластоку, фота ілюстрацыйнае
У польскай сістэме сацыяльнага страхавання (ZUS) на канец снежня 2025 года было зарэгістравана 138 730 грамадзянаў Беларусі. Нашыя суайчыннікі застаюцца другой паводле колькасці групаю замежнікаў на польскім рынку працы, саступаючы толькі ўкраінцам.
Нягледзячы на агульны рост за год, у снежні колькасць застрахаваных беларусаў крыху скарацілася – на 1002 асобы ў параўнанні з лістападам, паведамляе выданне Reform.news са спасылкай на польскую сістэму сацстрахавання. Гэта адбылося на фоне агульнага зніжэння колькасці застрахаваных замежнікаў у Польшчы, якая да канца года склала 1,289 млн чалавек (мінус 6 тысяч у параўнанні з кастрычнікам).
Размеркаванне паводле нацыянальнасцяў сярод замежных працаўнікоў у Польшчы выглядае наступным чынам: украінцаў амаль 857 тысяч чалавек (скарачэнне на 5 тысяч да лістапада), беларусаў – 138,7 тысячы чалавек, грузінаў – амаль 26 тысяч чалавек.
Калі параўноўваць гэтыя лічбы са звесткамі за студзень 2025 года, бачная тэндэнцыя да паступовага росту беларускай дыяспары ў Польшчы. Год таму ў ZUS былі зарэгістраваныя 135 тысяч беларусаў (пры агульнай колькасці замежнікаў 1,191 млн). Такім чынам, за 2025 год колькасць беларусаў, якія афіцыйна працуюць і плацяць унёскі ў польскі бюджэт, павялічылася прыкладна на 3,7 тысячы чалавек, а агульная колькасць легальных працаўнікоў-замежнікаў у краіне вырасла амаль на 100 тысячаў.
Белсат
