
Пяць гадоў за кратамі, нечаканае вызваленне з дэпартацыяй і новае жыццё ў чужой краіне. У калоніі ёй гадамі не аказвалі медыцынскай дапамогі, а польскія дактары пасля вызвалення скажуць: жыць заставалася ўсяго некалькі месяцаў.
Пасля турмы былая палітзняволеная пенсіянерка Галіна Дзербыш апынулася ў Беластоку — з адной валізкай, страхам перад людзьмі і недаверам да ўсіх вакол. Цяпер яна пачынае жыццё наноў: шыe лежакі для жывёл, гатуе ежу для бяздомных і асцярожна вучыцца зноў дыхаць на волі.
У гутарцы з «Нашай Нівай» Галіна Дзербыш распавядае пра свабоду пасля турмы, здраду сваіх і сны ў СІЗА КДБ.
Пенсіянерку Галіну Дзербыш улады Беларусі абвінавацілі ў спробе захапіць уладу і прасудзілі да 20 гадоў зняволення па «справе Аўтуховіча». 11 верасня 2025 года Дзербыш была вызваленая з калоніі ў выніку перамоваў беларускіх уладаў з ЗША. Яна разам з групай іншых палітвязняў была прымусова вывезеная з Беларусі ў Літву.
«Калі сутыкнулася з людзьмі пасля вызвалення, зразумела: мне лягчэй з катамі і сабакамі»
Мы сустрэліся з Галінай Дзербыш у марозным, заснежаным Беластоку. Тут яна апынулася нядаўна.
Галіна ідзе па рыпучым снезе дадому. У руках — пакеты.
— У мясцовых сэкандах купляю адзенне, пледы, паралон. З усяго гэтага пашыю некалькі лежакоў для катоў, потым адвязу валанцёрам. У Гродне я шмат дапамагала тым, хто ратаваў бадзяжных жывёл, — кажа яна.
— У вашым родным Абухаве вас называлі «Маці Тэрэза» за тое, што вы ратавалі жывёл. Вы тут працягваеце сваю валанцёрскую справу?
— Я не магу інакш. Калі сутыкнулася з людзьмі пасля вызвалення, зразумела: мне лягчэй з катамі і сабакамі.
Але мне пашанцавала: знаёмая звяла мяне з польскім фондам «Дыялог». Прэзідэнт фонду Міхал Гавел узяў мяне пад апеку. Такіх людзей, як ён, мала, у яго вялікае сэрца. Ён мне параіў не замыкацца адной дома, але я пакуль не магу «ў людзі» — я іх баюся. Таму мне прапанавалі гатаваць ежу для бяздомных пры фондзе. Людзей там няшмат, можна павольна прывыкаць. А яшчэ я шыю лежакі для жывёлак. Хутка мне павінны даць ката з прытулку — я ўжо падрыхтавала яму месца ў хаце, будзем жыць удваіх.
— У вас у Гродне на момант пасадкі было 16 катоў.
— Так. Возьмеш ката на ператрымку, падлечыш, падкорміш — і потым шкада аддаваць. Сімба, Чувак… Я ўсіх памятаю. Цяпер іх глядзіць мой муж, дачка дапамагае.
Быў такі выпадак. Калі мяне судзілі, да нашага дому прыехала прапагандыстка Ксенія Лебедзева. Мой муж касіў траву ў двары, а яна пералезла праз плот, лезла да яго і намагалася паразмаўляць. Муж прыгразіў ёй касой і выгнаў.
Потым яе яшчэ пацягалі па судах за тое, што яна залезла на прыватную тэрыторыю. Мой муж не верыў ні ў якія паскудствы, якія пра мяне казалі пасля арышту. Казаў, што толькі дзеля мяне і жыве.
Яму цяпер 71 год. Не ведаю, ці пабачымся яшчэ — хіба калі ўсё зменіцца і я вярнуся ў Беларусь.
— Як вам тут, далёка ад родных?
— Я яшчэ не магу прывыкнуць да свабоды, спачатку ў мяне нават было адчуванне, што я трапіла ў другую калонію. У мяне тут ёсць другая дачка, яна жыве ў Беластоку, наведвае, дапамагае чым можа. Ёсць і знаёмыя з Гродна — яшчэ з «мінулага жыцця». Але ўсё роўна цяжка. Ты прывык жыць у сваёй хаце, у сваім агародзе калупацца, кветкі садзіць — у мяне быў свой сад, шмат руж. А цяпер ловіш сябе на думцы: а калі памрэш — то дзе цябе пахаваюць? Часам становіцца страшна ад таго, што ў такіх гадах трэба пачынаць усё з нуля.
«Давер у маім жыцці абярнуўся трагедыяй»

Мы заходзім у аднапакаёўку: пакой, злучаны з маленькай кухняй, белыя сцены, вазоны на падваконні. Канапа, стол з двума крэсламі, шафа — усё простае і практычнае. На падлозе каля батарэі — ляжанка: месца для будучага гадаванца.

— Гэту кватэру мне дапамагла атрымаць фундацыя «Дыялог». Два месяцы я тут пражыла, цяпер буду плаціць толькі камунальныя. А хутка я пераеду ў іншую кватэру, якую мне далі ўлады Беластока дзякуючы намаганням Паўла Латушкі, Міхала Гавела і «Спульноты польскай». Цяпер там рамонт, які робіць фундацыя. Я ўсім вельмі ўдзячная за такую дапамогу, — тлумачыць Галіна.
Да затрымання Галіна жыла ў Абухаве, 25 гадоў працавала ў фінансавай сферы: бухгалтаркай-рэвізоркай і галоўнай бухгалтаркай. Узначальвала кантрольна-рэвізійную службу Саюза палякаў.
— Я ўсё жыццё сумленна працавала і ніколі не парушала законаў. А на старасці гадоў мяне зрабілі «ворагам народа». Сабралі пенсіянераў з усёй Беларусі і зрабілі «арганізаваную злачынную групоўку». Калі была ў калоніі, мне перадавалі вітанні з маіх мясцін, маўляў, усё Абухава за мяне стаіць. Значыць, я неблагі чалавек.
— Вы шмат гадоў дапамагалі знаёмым і суседзям: скаргі, звароты, абарона правоў. Назіралі за выбарамі з 2010 года. Чаму вам заўсёды было «больш за ўсіх трэба»?
— Не ведаю. Мабыць, характар. Мая мама таксама людзям дапамагала — відаць, да мяне перайшло. Калі я пачала працаваць бухгалтаркай, мама сказала: «Дачка, у цябе такая праца, але не забывай: б’еш — не дабівай, гоніш — не даганяй». Я так і жыла.
Дзеці жартавалі: «Мама, калі ў нас скончыцца дзень адкрытых дзвярэй?» А я адказвала: «Мяне не стане — тады і скончыцца». Камусьці напісаць заяву, камусьці падказаць, куды звярнуцца — я дапамагала ўсім.

— Вы яшчэ і на матацыкле актыўна ездзілі.
— Так, у маладосці. Я вучылася ў ДАСААФе і засталася ў камандзе па мотаспорце. Але ў 22 гады разбілася на матацыкле, цудам тады выжыла: ехала дахаты, трапіла ў дождж, не ўпісалася ў паварот. Мне нават ставілі першую групу інваліднасці — думалі, што памру. Але дацэнт Траццякоў мяне выратаваў, і правую руку таксама, бо хацелі адрэзаць.
Праз некалькі гадоў пасля аварыі ў мяне знайшлі анкалогію, клеткі саркомы. Але дзякуючы дактарам я прайшла і гэтае выпрабаванне і засталася жыць.
— Прайшло некалькі месяцаў пасля вашага вызвалення. Які ў вас статус у Польшчы? Чым зараз жывяце?
— Беларускіх дакументаў у мяне няма. Мне выдалі замест пашпарта аркуш А4 з фотаздымкам, які быў дзейны толькі да пэўнай даты. Гэта ўсё, што дала мне мая дзяржава.
Сёння я знаходжуся ў Беластоку як грамадзянка Польшчы, бо ў мяне двайное грамадзянства і я маю польскі пашпарт. І я вельмі спачуваю беларусам, якія апынуліся ў выгнанні без дакументаў і статусу: гэта страшная валакіта. Мне ў гэтым сэнсе прасцей.
У калоніі заўсёды ходзіш напаўгалодны, жывеш на пасылках ад дачкі. Думала, на волі буду есці ўсё самае смачнае, а цяпер і есці не хочацца. Цяпер я хаджу па дактарах, трэба паправіць здароўе пасля калоніі, разабрацца з зубамі.
Польшча дала мне сацыяльнае забеспячэнне — 1200 злотых штомесяц (каля 340 даляраў. — НН). У Беларусі ў мяне забралі ўсё. Далі штраф 800 базавых, гэта больш за 12 тысяч даляраў. Усю пенсію адбіралі на яго пагашэнне. Але і гэтага не хапіла, дачцэ прыйшлося даплачваць.
— Вы казалі, што тут, у эміграцыі, нікому не давяраеце. Чаму?
— Бо давер у маім жыцці ўжо абярнуўся трагедыяй. Я пусціла Мікалая Аўтуховіча пераначаваць у свой дом — і мяне пакаралі за гэта 20 гадамі зняволення.
Пасля дэпартацыі я ўсё яшчэ як у скафандры. Ніяк не магу выйсці з гэтага стану. Я сядзела за Беларусь. І калі апынулася на волі, я не знайшла сярод беларусаў спагады і цеплыні. Хто не сядзеў — той многога не разумее. Людзі бываюць добрыя, дапамагаюць, але потым вылазіць бруд: папрокі, плёткі, падлікі — хто каму што «павінен». У нейкі момант я не вытрымала і сказала: «Досыць. Мне не патрэбна дапамога, якая потым становіцца папрокам».
Я пяць гадоў была ў турме. Я не магла дапамагчы тым, хто папракае мяне цяпер. Але за мяне ніхто не сеў. І гэта таксама праўда.
Сапраўдную падтрымку я адчула ад палякаў. Мне званілі, дапамагалі грашыма, рэчамі, жыллём.

«У калоніі мне заставалася жыць месяцы два-тры, не больш»
— На судзе вы казалі, што ведалі Мікалая Аўтуховіча толькі па фэйсбуку. Чаму вырашылі пусціць малазнаёмага чалавека пераначаваць у свой дом?
— Афганцы — гэта асаблівая парода людзей. Гэта маё пакаленне. У мяне было шмат знаёмых, якія служылі ў Афганістане, у тым ліку аднакласнікі. Быў і знаёмы афганец, палкоўнік, які ведаў Аўтуховіча і расказваў пра яго.
Я верыла, што гэта людзі, якія не здраджваюць і не пакрыўдзяць. Побач з імі адчуваеш сябе як за каменнай сцяной. Але ў маёй гісторыі ўсё абярнулася супраць мяне. Ведаючы, чым гэта скончыцца, сёння я б ужо не пусціла яго пераначаваць.
— 20 гадоў зняволення — лічба, якую цяжка асэнсаваць нават маладому чалавеку. Што вы адчулі ў момант абвяшчэння прысуду?
— Калі суддзя Максім Філатаў агучыў прысуд, мы ўжо ўсё разумелі. Нас судзілі ў гродзенскай турме, канваіры называлі нас «смяротнікі». Усё ішло менавіта да гэтага. Пракурор запрасіў па 20 гадоў — і ўсім далі роўна столькі, колькі ён і прасіў. Мы былі ў шоку, але ўжо без ілюзій. Было адчуванне поўнай безвыходнасці.
Калі мне далі апошняе слова, я сказала ўсё, што думала. Суддзя сядзеў, вылупіўшы вочы, а я па пунктах выклала ўсе аргументы сваёй невінаватасці: дзе фабрыкацыя, дзе хлусня, усе доказы. Адвакаты фактычна развалілі справу — яны сядзелі, апусціўшы галовы.
Пракурор Рабаў хаваўся за ноўтбук. Я сказала яму: «Не хавайцеся за ноўтбук. Гэта вам не 37‑ы год. Вы дык увогуле сап’яцеся і будзеце валяцца ў рове абрыганыя… А я як памру, то я буду да ўсіх вас і ноччу прыходзіць, і не дам вам жыць». Я некалькі разоў згадвала 1937-ы, казала, што кожны адкажа за тое, што робіць.
Калі прысуд агучылі, у зале стаяла мёртвая цішыня. Ніхто не плакаў, ніхто не крычаў, ніхто не рваў на сабе валасы. Мы проста сядзелі. У ступары. Калі Філатаў устаў і пайшоў, мы пачалі яму пляскаць. Хтосьці нават сказаў «брава».
А потым пачаўся іншы суд — не фармальны. Божы. Самы справядлівы суд. Тыя, хто сведчыў супраць нас, цяпер не жывуць нармальным жыццём. Ведаю, што цяпер хтосьці хворы, хтосьці звольнены, камусьці не давяраюць нават на працу вартаўніком у калгас. Людзі адварочваюцца, плююць у спіну. Гэта не жыццё.
Тое самае і з суддзёй. Праз нейкі час пасля пачатку суда над намі яго збіла машына. Быў перапынак у судзе — ён не з’яўляўся. Бог яго ўжо пакараў. І, я веру, пакарае яшчэ.

— Вы дапускалі, што не дажывяце да канца тэрміну?
— Я ведала, што не дажыву. Калі б засталася там — я б не выйшла жывой.
Праблемы са здароўем у мяне пачаліся яшчэ ў гродзенскай турме. У мяне анкалогія ў анамнезе, мне нельга знаходзіцца на сонцы — але мяне выводзілі на прагулку ў самы пік спёкі. За адмову пагражалі карцарам. Аднойчы я страціла прытомнасць, упала — у мяне зламаўся і пачаў гніць зубны мост. У калоніі мне пяць гадоў не аказвалі медыцынскай дапамогі.
Пасля другі зубны мост расцэментаваўся — я прасіла дапамогі. Мне адказвалі: няма матэрыялаў. Я казала, што дачка можа перадаць. Мне адказвалі: «Нельга. Вы палітычная». Зубы разбураліся, пачаўся гаймарыт, з’явіўся гнойны мяшок. Увесь левы бок галавы балеў увесь час. Я разумела: гэта канец.
Калі мяне вывезлі ў Варшаву, дактары былі шакаваныя. У мяне было 70% абязводжвання, інфекцыя ад гнойнага мяшка ўжо падступалася да мозгу. Паводле заключэння польскіх дактароў, мне заставалася жыць месяцы два-тры, не больш.
Мяне выратавалі тут. Там — проста далі паміраць.
«Ты павінна заставацца жанчынай у любой сітуацыі, нават у калоніі»
— У калоніі вы штодня фарбавалі бровы алоўкам, каб «не апусціцца», і вельмі перажывалі, калі пасля этапу не маглі расчасаць валасы. Чаму гэтыя дробязі для вас такія важныя?
— Я ніколі цёмных броваў не насіла, а ў калоніі прывыкла. Аднойчы прыйшоў аператыўнік і пытае: «Галіна Іванаўна, чаму ў вас пастаянна такія чорныя бровы?» Я кажу: «Каб вы мяне здалёк бачылі». Кожную раніцу ў сем гадзін стаіш на праверцы — і ў мяне заўсёды намаляваныя губы і чорныя бровы. Як бы кепска ні было, я мусіла за сабой глядзець.
Быць 60‑гадовай жанчынай у калоніі — гэта вельмі цяжка. Калі б я кагосьці забіла — я б разумела: зрабіла дрэнны ўчынак і павінна адказваць. Але мне далі 20 гадоў за тое, што я пусціла пераначаваць Аўтуховіча.
Ты трапляеш у калонію, дзе людзі сядзяць за забойствы, наркату, аліменты. Са мной сядзелі жанчыны, якія рабілі жахлівыя рэчы. Напрыклад, тры сяброўкі, якія чацвёртай галаву адрэзалі і гулялі ёй ў футбол. Ці жанчына, якая двух сваіх дзяцей зарэзала, расчляніла і спаліла, бо каханак загадаў. І да іх адміністрацыя ўвесь час ставілася лепш, чым да «жоўтых», палітычных.
Але ты жанчына. Ты павінна заставацца жанчынай у любой сітуацыі, нават у калоніі. Для мяне гэта было важна: сваім выглядам я паказвала, што не здаюся.

— Што для вас было самым страшным у калоніі?
— Самае страшнае ў зняволенні не тое, што з табой робіць сістэма, а тое, што цябе здаюць свае ж, палітычныя. На мяне пісалі даносы два чалавекі.
У калоніі я прыкормлівала «белых» — жанчын з белымі біркамі, якія сядзяць па крымінальных артыкулах. Рабіла гэта, каб яны не чапалі нас, «жоўтых», не здавалі. Там былі забойцы, наркаманкі — але з імі я ўмела жыць мірна. І парадокс у тым, што здавалі не чужыя, а свае.
Я сама нікога на зоне не здавала. Калі прывозілі новых «жоўтых» і ў іх не было элементарнага — я дзялілася: шклянкай, рэчамі, ежай. Дзяўчаты называлі мяне «мама Дзербыш».
— Вы 14 месяцаў прабылі ў адзіночцы ў Гродзенскай турме. Што адбываецца, калі ты больш за год бачыш толькі адны і тыя ж сцены?
— Гэта цяжка. Але, як ні дзіўна, гэта зберагло маё здароўе: там не было падсадных качак. Пасля адзіночкі мяне пасадзілі ў камеру з забойцай, наркаманкай і аліментшчыцай — кожная выкурвала па пачку цыгарэт штодня. А ў мяне астма, і мне было вельмі цяжка.
У адзіночцы я шмат чытала, разбірала сваю справу, чытала Коласа і Купалу. Яны дапамаглі мне выжыць і не зламацца.


— А як у калоніі да вас ставіліся наглядчыкі?
— Па-рознаму. Там былі і нармальныя людзі. Былі тыя, хто ставіўся з павагай. І не толькі наглядчыкі — нават зняволеныя.
Аднойчы я апынулася ў секцыі з «белымі»: махляркай і забойцай. Прыйшлі кантралёры разбірацца па справе, я ў гэты момант нешта даставала з шуфляды. І тая махлярка сказала ім: «Запытайце ў Галіны Іванаўны. Яна не брэша». Я сказала толькі тое, што бачыла. Яны ведалі: я не буду хлусіць.
У калоніі ўсе ведаюць, хто як сябе паводзіць. Ёсць тыя, хто адразу ідзе на даносы, хто гатовы на ўсё, абы выбрацца. Я — не. Я ні перад кім на каленях не поўзала. Там ёсць простае правіла: даносы любяць, а даносчыкаў — не.
«Беларускую дзяржаву я ненавіджу. А краіну люблю»
— Ці засталася ў вас зараз крыўда — на лёс, на дзяржаву, на канкрэтных людзей?
— Напэўна, ёсць крыўда на канкрэтных людзей: на следчых, на тых, хто рабіў маю справу, на КДБ. Бо КДБ павінна дбаць пра бяспеку, а я пабачыла іншае: парушэнні закону, самавольства, бескантрольнасць. У маёй справе — што хочуць, тое і робяць, і ўсё сыходзіць з рук.
Я не разумею, чаму Лукашэнка гэтага не кантралюе. Ён жа любіць быць усюды сам. А тут — нібыта пусціў на самацёк. Калі называюць «бацькам», дык паглядзі, што робяць твае структуры.
Гэта нагадвае 37‑ы год. Толькі цяпер людзей не высылаюць у Сібір. Затое ў калоніях — бясплатная рабская праца, людзі працуюць фактычна за ежу.
— Калі вы заплюшчваеце вочы і думаеце пра дом — куды вы трапляеце?
— Я заўсёды трапляю ў мамін дом. Не ў свой. І гэта дзіўна: катэдж, у якім мы жылі доўга, мне амаль ні разу не сніўся за гэты час. Сніцца вёска, маці, бацькоўская хата. Сніцца агарод, сад. У мяне там і чарэшні, і абрыкосы, і персікі раслі.


— А ў СІЗА КДБ вам сніліся сны?
— Так. У першыя дні быў сон: я ў камеры, дзверы адчыняюцца — і на парозе стаіць мама. У каракулевай шубе, у шляпцы з вуаллю — як на яе старым фотаздымку. Я кажу: «Ой, мама, ты мяне і тут знайшла! Што ты тут робіш?» Яна нічога не сказала, проста падышла да маіх нараў. Я прачнулася — і зразумела: яна папярэджвае. Калі мне сніцца мама — значыць, будзе нешта дрэннае, трэба сцерагчыся.
Мне цяпер вельмі бракуе радзімы: маёй рачулкі, лесу, буслоў. У нас гняздо было на хляве — колькі сябе памятаю, буслы заўсёды прыляталі, выводзілі буслянятак. Я ўсё жыццё брала сілу з зямлі, з саду, з раслін. Можа, калі б тут была не кватэра, а хата з зямлёй, я б капалася ў агародзе і хоць на хвіліну забывала пра ўсё кепскае.
Я разумею: краіна і дзяржава — розныя рэчы. Беларускую дзяржаву я ненавіджу. А краіну люблю.
«Наша Нiва»
