Былы палітвязень Мікола Дзядок адрэаагаваў на ідэю гарадзенскай дзяўчыны, якая, начытыўшыся ў інтэрнэце пра амерыканскія турмы і парадкі ў іх, напісала ліст у Гарадзенскую турму з прапановай дазволіць трымаць зняволеным у турме катоў – для паляпшэння псіхалагічнага стану вязняў.

Мікола Дзядок піша:

Колькі б ні вывучаў сацыяльныя сеткі і сацыяльныя навукі, не стамляюся здзіўляцца, як могуць людзі з адной краіны жыць у паралельных рэчаіснасцях, якія ніколі не перасякаюцца.

Напаткаў ў Інстаграме пост нейкай дзяўчыны з Гродна, якая, прачытаўшы ў інтэрнэце, што ў амерыканскай турме зняволеным дазваляюць трымаць катоў для паляпшэння псіхалагічнага стану (паляпшэнні пацвярджаюцца дакументальна), напісала ліст у Гродзенскую турму з прапановай пераняць гэты досвед.

У Гродзенскай турме Пал Іваныч Казакоў, чакана, усміхнуўся наіўнасці гэтай мадам, падумаўшы нешта кшталту “цябе б да гэтых зэкаў замест ката, каб перастала мне херню пісаць”, і, чакана, адказаў адпіскай, маўляў, звяртайцеся ў вышэйшую інстанцыю, адфутболіўшы яе, такім чынам, у ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў).

Яна пераслала свой зварот у ДВП, адтуль ёй ужо паўгода ніхто не адказвае.

Дзяўчына дзівіцца і абураецца. Як так! Гэта ж такая добрая ідэя! Гэта ж спрыяе выпраўленню асуджаных! Яны ж стануць дабрэйшымі, больш чалавечнымі, спакайнейшымі!

Адразу відаць, што павестка незалежных СМІ апошніх пяці гадоў прайшла міма гэтай эмпатычнай і адказнай дзяўчыны.

Відавочна, вядома, што розныя гуманістычныя практыкі псіхалагічнай рэабілітацыі (у тым ліку ўтрыманне хатніх жывёл) змяняюць асуджаных у лепшы бок. Дапамагаюць выпраўленню. Ды толькі вось нюанс: беларуская пенітэнцыярная сістэма НЕ СТАВІЦЬ САБЕ ЗА МЭТУ выпраўленне людзей. І ніколі не ставіла! А тым больш такое спецыфічнае месца, як Гродзенская турма, якая ад пачатку стваралася як “усесаюзны БУР” (барак узмоцненага рэжыму). Гэта было месца, куды з усяго СССР звозілі злодзеяў у законе і крымінальных аўтарытэтаў, каб катаваць фізічна і маральна, схіляючы да супрацоўніцтва або адмовы ад злодзейскай субкультуры. Колькі іх там было забіта — аднаму Богу вядома. Той крымінальнага варушняка, што быў ў 80-х, ужо няма, але практыкі — засталіся.

Гродзенская крытая — гэта месца пакут. Менты так проста і кажуць: “вы тут, каб пакутаваць”.

За няпоўныя 3 гады, што я правёў на Гродзенскай крытай, там загінулі 5 чалавек. Тры — ад вылечных хвароб, адзін павесіўся і аднаго забілі да смерці сукамернікі. І гэта толькі тое, што ведаю я! Як мінімум адзін зафіксаваны выпадак згвалтавання — па прамым загадзе аператыўніка. Бойкі ці збіццё ў камерах — штотыднёвая руціна.

Я паўгода прасядзеў у камеры памерам 210 на 140 сантыметраў — лічы, грузавы ліфт, дзе з-пад падлогі лезлі земляныя чарвякі, а на ўнітазе жылі слімакі. Пад падлогай замест коцікаў уладкавалася сямейства пацукоў, якія ўначы грызлі дошкі, не даючы спаць. Там было настолькі сыра, што памытыя шкарпэткі сохлі па двое сутак. Да мяне ў камеру падкідвалі людзей з жорсткімі ментальнымі разладамі. Адзін, не спыняючыся, нёс шызафрэнічнае трызненне па 18 гадзін у дзень, другі паліў матрац і лупцаваў місай у дзверы а 2-й гадзіне ночы (пасля таго як нас рассялілі, адчуў сябе яшчэ вальней і пачаў есці ўласныя экскрэменты). Чалавека, які прыляжа на падлогу ў ШЫЗА, могуць падняць

электрашокерам. Людзі ехалі глуздам прама на маіх вачах.

Якая рэабілітацыя? Якія коцікі?!

Таму калі я бачу дагледжаную (“самелье, стваральніца унікальных трэвел-гайдаў”) і, напэўна, неглупую дзяўчыну, якая кажа такую лухту, мяне ахопліваюць змешаныя пачуцці. З аднаго боку, гэта добра, што ёсць увогуле вакол нас людзі, якім не напляваць, што там робіцца за турэмнымі сценамі, і якія занепакоеныя нечым акрамя ўласнага дабрабыту. За гэта рэспект. З іншага, я не разумею, як можна быць настолькі недальнабачным, каб не разумець: пенітэнцыярная сістэма ёсць плоць ад плоці дзяржапарату. Яе немагчыма рэфармаваць у адрыве ад усёй палітычнай сістэмы. У краіне з нязменнасцю ўлады, дзе “часам не да закону”, дзе садзяць за лайкі, не можа быць гуманных турмаў. Не можа быць па вызначэнні.

Беларуская турэмная сістэма не есць нейкі «сапсаваны механізм», у якім крыху не стае гуманных практык. Яна працуе якраз так як была задуманая: на вынішчэнне асобы. Гэта «не баг а фіча».

Не стаўце воз наперадзе каня. Каб у нас былі турмы “як у Еўропе”, у нас павінны, спачатку, перастаць фальсіфікаваць выбары і забіваць да паўсмерці пратэстоўцаў. Гучыць душна, цяжкаважна? Прабачце, іншай праўды ў мяне для вас няма.