
Пакрокава вырашаюцца праблемы былых палітвязняў, ім дапамагаюць праваабаронцы і грамадскія ініцыятывы. Нагадаем, з апошняй групы вывезеных палітвязняў у снежні 2025 года – 83 экс-палітвязні афіцыйна падалі заявы на прадастаўленне міжнароднай абароны ў Польшчы.
Гэтым займаюцца цяпер, а таксама вырашаюць іншыя пытанні, кажа прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы – dissidentby Марына Касінерава.
-Працягваем сутыкацца на кожным кроку з праблемамі. Першае, кожны чалавек, які выехаў не па сваім жаданні з Беларусі, сутыкаецца з тым, што яму трэба працу шукаць, цяжка псіхалагічна, праблемы са здароўем пасля турмы. А мы кажам яшчэ пра людзей, у якіх ёсць дадатковы фактар стрэсу, бо іх прымусова выкінулі.
Прытым большасць экс-палітвязняў маюць нявызначаны юрыдычны статус у Беларусі. Што таксама ускладняе легалізацыю ды арганізацыю прыватнага жыцця ў выгнанні. У Беларусі па дакументах палітвязні, большасць з якіх вывезлі з краіны 13 снежня 2025 года, нібыта «ўдзельнічаюць зараз у следчых дзеяннях у КДБ», тлумачыць Марына Касінерава:
-Апошняя група вызваленых застаецца ў такім юрыдычным цікавым статусе, што яны на следчых дзеяннях у КДБ лічацца. Пенсіянеры, напрыклад, не могуць атрымаць пенсію з-за таго, што яны нібы на следчых дзеяннях, іх пенсія прыпынена.
У 2025 годзе вызваленне беларускіх палітвязняў адбывалася ў некалькі этапаў, большасць гвалтоўна перамяшчалі за мяжу. Праваабаронцы акрэсліваюць гэта, як «гвалтоўнае вызваленне».
Беларускае Радыё Рацыя
