Каротка:

  • сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму застаецца цяжкай: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў, палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэсных ініцыятыў, журналістаў і праваабаронцаў;
  • на 31 студзеня 2026 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 158 палітвязняў, сярод іх 172 жанчыны; за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 51 чалавека і запатрабавала рэабілітацыі 50 былых палітвязняў;
  • агулам “Вясне ” вядома пра 8 090 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах;
  • сябры ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і Марыя Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка і праваабаронца Віталь Чопік, асуджаныя да пазбаўлення волі, утрымліваюцца ў зняволенні;
  • працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі;
  • праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў працэсе адбыцця крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання па палітычна матываваных справах;
  • свабода сходаў і выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаецца нападам уладаў: за ўдзел у пратэстах 2020 года людзей працягваюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў новым фармаце; улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюд інфармацыі;
  • рэгулярна папаўняюцца спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, “экстрэмісцкіх” фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій. 

Палітычна матываваны пераслед і палітычныя зняволеныя

Статыстыка

Вядомая праваабаронцам колькасць тых, хто сутыкнуўся з траўня 2020 года з палітычна матываваным крымінальным пераследам, дасягае 9 363 чалавек. У дачыненні да мінімум 8 090 чалавек з 2020 года былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды, уключаючы завочныя. Гэтыя паказчыкі растуць кожны месяц.

За студзень праваабаронцы прызналі 51 чалавека палітвязнямі і запатрабавалі рэабілітацыі 50 былых палітвязняў, чые імёны сталі вядомымі пасля вызвалення, а ў перыяд пазбаўлення волі яны адказвалі крытэрам прызнання палітвязнямі. Агулам, на канец месяца ў Беларусі ў няволі знаходзіліся 1 158 палітвязняў, сярод іх 172 жанчыны. Вядома пра мінімум 171 палітвязня ў асабліва ўразлівым становішчы. Колькасць былых палітвязняў склала 3 272чалавекі, у тым ліку 667 жанчын. 

Рэпрэсіі

Працягваліся затрыманні і судовыя працэсы па “справе Гаюна”. Вядома пра 175 фігурантаў справы, узятых пад варту і пазбаўленых волі. Паведамлялася, што затрыманым ўлады прапануюць зрабіць добраахвотныя ахвяраванні ў адрас дзяржаўных устаноў узамен на спыненне крымінальнай справы. Гэтая практыка раней выкарыстоўвалася ў дачыненні да тых, хто рабіў ахвяраванні для пратэсных ініцыятыў: агульная сума такіх “ахвярванняў”, як заяўляў кіраўнік Следчага камітэта, ужо да пачатку 2024 года перавысіла 37 мільёнаў рублёў.

Таксама працягваліся завочныя суды над добраахвотнікамі Палка ім. Кастуся Каліноўскага па абвінавачваннях у тэрарызме, распальванні варожасці і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронцы фіксавалі ўзмоцненыя праверкі і затрыманні на мяжы, спробы вярбоўкі актывістаў у эміграцыі, ціск на сваякоў палітвязняў і актывістаў у эміграцыі. 

Паведамлялася аб візітах праваахоўных органаў да сваякоў былых палітвязняў, якія з’ехалі, у тым ліку прымусова высланых. У некаторых выпадках мэтай такіх візітаў заяўляўся вышук раней высланых з краіны людзей.

Становішча палітвязняў

Палітвязні працягвалі сутыкацца з выбіральнымі ў параўнанні з іншымі асуджанымі абмежаваннямі правоў, ціскам, негуманнымі ўмовамі і адсутнасцю якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі.

У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум трое палітвязняў: Уладзімір КнігаАляксандр Арановіч, а таксама Мікалай Статкевіч, лёс якога пасля паўторнага затрымання па-ранейшаму невядомы яго сваякам. 

На працягу студзеня паступалі шматлікія паведамленні аб адвольных абмежаваннях у папраўчых установах магчымасцяў атрымання перадач і пасылак, грашовых пераводаў, а таксама набыцця тавараў у зняволенні.

Стала вядома пра цяжарнасць палітзняволенай Наталлі Левай, якая адбывае пазбаўленне волі ў ПК-4.

Алег Супрунюк, які мае інваліднасць па слыху, па рашэнні адміністрацыі ПК-15 быў пазбаўлены магчымасці выкарыстоўваць слыхавы апарат.

Сяргей Ботвіч, які мае сур’ёзныя захворванні, у ПК-22 абвясціў галадоўку ў ШІЗА.

КЛДЖ зарэгістраваў зварот у інтарэсах Алены Лазарчык і заклікаў улады Беларусі тэрмінова прыняць меры па яе абароне: даць доступ да медыцынскай дапамогі ў медыцынскай установе за межамі турмы, забяспечыць неадкладны доступ да адваката і належныя ўмовы ўтрымання пад вартай.

Мікалай Аўтуховіч пераведзены на турэмны рэжым у якасці меры дысцыплінарнага ўздзеяння.

Рабочая група па адвольных затрыманнях і чатыры Спецдакладчыкі ААН звярнуліся да беларускай дзяржавы з нагоды адвольнага падаўжэння тэрмінаў турэмнага зняволення былых палітвязняў Сяргея ДзецукаМікалая ДзядкаДзмітрыя Казлова і Змітра Дашкевіча на падставе артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), а таксама іншых палітвязняў, якія застаюцца ў зняволенні выключна “на падставе яе шырокіх і расплывістых палажэнняў”. Нагадаем, праваабаронцы “Вясны” шмат гадоў змагаюцца за тое, каб выключыць артыкул 411 з Крымінальнага кодэкса, які фактычна дапускае бестэрміновае пазбаўленне волі. Акрамя гэтага, Спецдакладчыкі ААН звярнулі ўвагу беларускай дзяржавы на масавае жорсткае абыходжанне са зняволенымі і іншыя парушэнні правоў чалавека.

Пераслед праваабаронцаў

У зняволенні застаюцца праваабаронцы “Вясны” Валянцін Стэфановіч і Марфа Рабкова, праваабаронца Human Constanta Наста Лойка, а таксама Берасцейскі праваабаронца Віталь Чопік, асуджаны за перадачу “Вясне” звестак аб разглядзе палітычна матываваных крымінальных спраў у судах.

У завочным судзе былі вынесеныя прысуды актывістам ініцыятывы па назіранні за выбарамі “Сумленныя людзі”: ад 8 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

29 студзеня праваабаронца Алена Танкачова (грамадзянка РФ, больш за 35 гадоў пражывала ў Беларусі) была затрыманая і дапытаная ў КДБ. Пасля няўдалай спробы схіліць да супрацоўніцтва на допыце, які зацягнуўся да ночы, 30 студзеня праваабаронцу выслалі ў Расійскую Федэрацыю.

Шэраг медыя-рэсурсаў “Вясны” былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі: TikTok-акаўнт, сайт кампаніі #FreeViasna і сайт кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.

Катаванні і жорсткае абыходжанне 

Сястра асуджанага, які адбывае пакаранне ў турме № 4, пасля спаткання з ім распавяла ў TikTok пра жорсткія ўмовы ўтрымання там: “Увесь сіні. Пасля канцлагера людзям было нашмат лепш, чым цяпер у гэтай турме. З сінякамі, у цэнтры заключэння без матраца, спяць на падлозе ў футболцы і ніжняй бялізне. Апёкі ад цыгарэт на руках”. Праўладныя медыя адрэагавалі на відэа, назваўшы заявы фэйкам.

Па звестках праваабарончай ініцыятывы “DissidentBY” палітвязень Яўген Гурыновіч, былы супрацоўнік мытні, падчас затрымання ў 2024 годзе быў жорстка збіты, пасля чаго атрымаў інваліднасць.

Выданне “Наша Ніва” паведаміла пра катаванні Андрэя Сеўрука, палкоўніка ДФР, у СІЗА КДБ: пра так званы “мяккі пакой“, камеру, знутры абабітую мяккім матэрыялам, каб зняволены не мог сябе нашкодзіць, таксама яна не прапускае гукі, дзе яго за кайданкі падвесілі на крук у столі, білі шокерам і патрабавалі прызнальны паказанні.

Былы палітвязень Ігар Лосік таксама паведаміў пра катаванні ў СІЗА КДБ: “Вельмі часта ў камеру заязджаюць людзі з адбітымі ныркамі, фінгаламі і страсеннем мозгу, з паламанымі рэбрамі. […] Тры чалавекі з якімі я сядзеў у камеры пры затрыманні прайшлі праз “возера” — іх адвозілі на нейкі вадаём, там білі, накідвалі на рот анучу і залівалі вадой, імітуючы ўтапленне”.

“Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі” апублікаваў новае расследаванне пра катаванні затрыманых 8-13 жніўня 2020 года ў Партызанскім РУУС г. Мінска.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Рэалізацыя правоў на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, а таксама правоў на свабоду мірных сходаў у Беларусі па-ранейшаму немагчымая. Улады падвяргаюць пакаранню ўдзел у мірных вулічных шэсцях (калі ў дачыненні да гэтых спраў не скончыўся тэрмін даўнасці і ён не быў перапынены здзяйсненнем новага злачынства).

Аляксандра Дзмітрыева, таленавітая фатографка-анімалістка, затрыманая восенню 2025 года і пасля асуджаная судом Чыгуначнага раёна Гомеля паводле ч. 2 арт. 367 КК паводле абвінавачвання ў “паклёпе ў дачыненні да А. Лукашэнкі” і паводле ч. 1 арт. 342 КК паводле абвінавачвання ў “арганізацыі і падрыхтоўцы вулічных пратэстаў, альбо актыўным удзел у іх”. Верагодна, пакаранне звязана з пазбаўленнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу або ў калоніі.

Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Інструменталізаванае ў мэтах падаўлення іншадумства заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам працягвае выкарыстоўвацца для палітычна матываванага пераследу за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Спісы суб’ектаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, інфармацыйнай прадукцыі і экстрэмісцкіх фарміраванняў пашыраюць аснову для пераследу, рэпрэсій і абмежавання ў правах.

У студзені ўлады папоўнілі спіс экстрэмісцкіх фармаванняў яшчэ чатырма пазіцыямі. Сярод новых суб’ектаў “Free Belarus Center” і грамадская культурніцкая ініцыятыва “Будзьма беларусамі!”

У пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за студзень унесена яшчэ больш за 77 чалавек, двое з якіх вызваленыя ад адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў прыцягнення. Больш за 60 з іх асуджаныя па арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, хутчэй за ўсё, у сувязі з пераследам па “справе Беларускага Гаюна” за адпраўку фота і паведамленняў у чат-бот тэлеграм-канала пратэстнай ініцыятывы. Агулам у спісе імёны 6 226 чалавек, і гэта не ўсе вядомыя “Вясне” асуджаныя па палітычных матывах.

Нядаўна ў Мінску адбыўся суд над вядомым лекарам-неўролагам Русланам Бадамшыным. Паводле інфармацыі “Белых халатаў”, палітвязню прызначылі два з паловай гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Паводле інфармацыі “Вясны”, мужчыну затрымалі ў чэрвені 2025 года паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Папярэдне, лекара асудзілі па “справе Гаюна”.

Былы палітвязень распавёў аб масавых затрыманнях па “справе Гаюна”: “Усе, хто заязджалі восенню [2025 года ў СІЗА]— па справе “Гаюна”. У адзін дзень з Акрэсціна заехала 40 чалавек па “справе Гаюна”. За адзін дзень!”

82 новыя рашэнні аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі дапоўнілі адпаведны пералік. Кожным рашэннем ад аднаго да трох дзясяткаў адзінак інфармацыйнай прадукцыі – Telegram – і YouTube-каналаў, лагатыпаў, старонак сацыяльных сетак, – прызнаваліся экстрэмісцкімі. Адно рашэнне магло тычыцца больш за дваццаць крыніц інфармацыі аднаго суб’екта або амаль трох дзясяткаў розных (напрыклад, старонак у набіраючай папулярнасць сацыяльнай сеткі Threads). Усе рашэнні тычыліся пратэсных ініцыятыў, медыя. Адно з іх-інфармацыйных рэсурсаў “Вясны”: сайта “freeviasna”, “dp.spring96” (сайт кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, акаўнта ў “ТікТок” “Вясна”.

Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец студзеня 2026 года ў зняволенні знаходзіліся 28 супрацоўнікаў медыя.

4 верасня 2025 года “экстрэмісцкім фарміраваннем” быў абвешчаны YouTube-канал “Платформа 375”, а журналіст Кірыл Пазняк, які ў адпаведным рашэнні КДБ названы “арганізатарам” гэтага “фарміравання”, – затрыманы і змешчаны пад варту па крымінальнай справе (17 верасня 2025 года Кірыл Пазьняк прызнаны палітычным зняволеным). У той жа дзень, 4 верасня, затрыманая і 20-гадовая дачка Кірыла Пазняка – Яніна Пазняк. Яна таксама змешчана пад варту, і ёй прад’яўлена абвінавачанне ва ўзаемадзеянні з “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Праваабарончая супольнасць запатрабавала яе вызвалення.

Вясна