Тры гады таму, 8 лютага 2023-га, засудзілі журналіста, грамадскага дзеяча і чальца неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго віноўным паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Распальванне варожасці» і «Заклік да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы». Вырак – 8 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

На справе ж засудзілі Пачобута за грамадскую пазіцыю і журналісцкую дзейнасць: публікацыі пра беларускія пратэсты 2020 года для польскага выдання Gazeta Wyborcza, абарону польскай меншасці ў Беларусі і за тое, што адкрыта называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939-м.

«Яго арыштавалі паводле неверагодных, абсурдных абвінавачанняў, але ён адмовіўся пакінуць Беларусь. Ён ахвяраваў сваёй свабодай, але хацеў застацца ў Беларусі, бо ён грамадзянін гэтай краіны і мае права там быць, жыць і хоча карыстацца гэтым правам», – тлумачыць галоўны рэдактар выдання Gazeta Wyborcza Адам Міхнік.

Зняволенне Пачобут адбывае ў Наваполацкай калоніі № 1, якую былыя вязні называюць адною з самых жорсткіх праз невыносныя ўмовы, якія стварае адміністрацыя папраўчай установы для палітзняволеных. Гэтак, вядома, што Пачобута не аднойчы змяшчалі ў штрафны ізалятар, дзе забароненыя камунікацыя з роднымі, атрыманне пасылак і перадачаў, шпацыры і закупкі ў турэмнай краме. А таксама скіроўвалі ў памяшканне камернага тыпу нібыта за парушэнні ўнутранага парадку. У зняволенні ў Пачобута пагоршыўся стан здароўя. Ягоная жонка Аксана паведамляла, што ў палітычнага вязня зафіксавалі зрыў сэрцавага рытму і высокі ціск.

На наступны дзень пасля вынясення выраку Пачобуту, 9 лютага 2023 года, польскі бок закрыў памежны пераход у Баброўніках. І вызваленне прадстаўніка польскай меншасці сталася адною з умоваў аднаўлення транспартавага злучэння з Беларуссю на гэтым участку мяжы.

Аднак Лукашэнка насустрач не пайшоў. Наадварот, стаў дыктаваць свае ўмовы. Гэтак, у сакавіку 2023 года, выступаючы ў Палацы Рэспублікі перад прадстаўнікамі дзяржаўнага апарату, ён заявіў:

,,

«Калі яны хочуць Пачобута абмяняць, дык у Польшчы – «Лахушкі»… Але мяняць «Лахушку» на Пачобута адзін да аднаго я ​​ніколі не пагаджуся. Усю групу сюды, як яна там, НАУ ці ГАУ, як там называецца гэты ўрад», – казаў Лукашэнка.

Пра тое, што афіцыйны Менск прапаноўваў абмен – Анджэя Пачобута на апазіцыйнага палітыка Паўла Латушку, у інтэрв’ю тэлебачання Republika расказаў былы міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі. Гэтую ж інфармацыю з медыяў даведаўся і Латушка.

«З інтэрв’ю з тагачасным міністрам унутраных справаў Польшчы, спадаром Каміньскім, я даведаўся, што падчас таемных перамоваў паміж беларускім і польскім бакамі, калі ішлося пра вызваленне Анджэя Пачобута, рэжым Лукашэнкі афіцыйна зрабіў прапанову перадаць мяне рэжыму Лукашэнкі, а ўзамен паабяцаў вызваліць Анджэя Пачобута. Тагачасны міністр унутраных справаў заявіў, што, вядома, Польшча не магла пагадзіцца з такімі рашэннямі, бо яны б супярэчылі яе прынцыпам і каштоўнасцям, а таксама міжнароднаму праву, бо я меў статус міжнароднай аховы на тэрыторыі Польшчы», – казаў Латушка.

Штуршком для новых нападак беларускага боку на Польшчу стаў маштабны абмен зняволенымі паміж заходнімі краінамі і Расеяй у 1 жніўні 2024 года. Невядома ці планавалі залучыць у абменныя спісы Анджэя Пачобута. Але беларускія прапагандысты папракалі Польшчу, што тая не скарысталася магчымасцю. А прарэжымны актывіст Юрый Васкрасенскі прапанаваў кіраўнікі польскага МЗС Радославу Сікорскаму асабіста прыехаць за Пачобутам у Беларусь.

,,

«Я напісаў Сікорскаму публічна ў сацыяльнай сеткі: «Забірай, забірай, паднімай зад ды забірай», – казаў Васкрасенскі.

Не патрапіў Пачобут ні ў адзін са спісаў на вызваленне палітычных вязняў, якія адбываліся ў 2025 годзе. Лукашэнка тлумачыў гэта незацікаўленасцю польскага боку і нежаданнем самога Пачобута пакідаць Беларусь. Але перамовы ўсё ж вяліся, пра што прагаварыўся дыктатар. Праўда, працэс спыніўся праз новы віток гібрыдных атак – гэтым разам Беларусь закідвала ў Літву і Польшчу дроны і метыязонды з кантарбанднымі цыгарэтамі.

«…Яны адступілі ад гэтай пазіцыі на знак салідарнасці з Літвою за тыя шарыкі», – казаў Лукашэнка летась у канцы кастрычніка.

Акцыя на падтрыманне палітвязня і актывіста Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Беласток, Польшча. 21 снежня 2025 года. Фота: Pawel Balejko / Polska Press Grupa / East News
Акцыя на падтрыманне палітвязня і актывіста Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Беласток, Польшча. 21 снежня 2025 года. Фота: Pawel Balejko / Polska Press Grupa / East News

Анджэй Пачобут не адзіны прадстаўнік польскага народу, каго рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае ў зняволенні. У 2023-м за шпіянаж і агентурную дзейнасць на 14 гадоў засудзілі Томаша Берозу. У 2025-м у Лепелі затрымалі манаха Гжэгажа Гавэла з Кракава. Яго вінавацяць у шпіянажы, а менавіта атрыманні планаў беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2025». Суда над ім пакуль не было. Агулам жа, з 2020 года пад палітычны крымінальны пераслед трапілі мінімум 100 замежных грамадзянаў – з Польшчы, Украіны, Літвы, Францыі, Латвіі і Расеі.

Марыля Дакуцька, Агенцыя цэнтру замежнага вяшчання TVP, belsat.eu