Палітвязня Сяргея Ботвіча ў 2022 годзе засудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў за «шпіянаж» і «агентурную дзейнасць». Зняволенне ён адбывае ў калоніі ПК-22 пад Івацэвічамі, вядомай як «Воўчыя норы».

З калоніі Ботвіч здолеў перадаць адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, які трапіў у рэдакцыю «Зеркала». У ім палітвязень піша, што яго рыхтуюць да пераводу ў ПКТ, адкуль, паводле яго слоў, ён можа не выйсці жывым. Таксама ён заяўляе пра шантаж, вымагальніцтва і карупцыю з боку высокапастаўленых сілавікоў, якія, як сцвярджае Ботвіч, абяцалі «вырашыць праблемы» за грошы, а пасля абманам выманілі яго ў Беларусь.

Суд над Ботвічам праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасці справы невядомыя, таму праверыць факты, выкладзеныя ў лісце, немагчыма.

У звароце палітвязень піша, што пасля распаду СССР жыў у розных краінах, але вырашыў інвеставаць у Беларусь — планаваў пабудаваць у Свіслацкім раёне завод па вытворчасці драўнянага вугалю і аднавіць сядзібу Богудзенкі. Аднак, паводле яго слоў, бізнес сутыкнуўся з ціскам з боку сілавых структур, крымінальнай справай і вымагальніцтвам.

Ботвіч сцвярджае, што пасля звароту ў КДБ і абяцанняў бяспекі ў 2021 годзе яго затрымалі ў Гародні, дзе ён страціў прытомнасць, а потым апынуўся ў турме. Пазней яго звінавацілі ў шпіянажы без прад’яўлення, паводле яго слоў, рэальных доказаў.

У канцы ліста Ботвіч звяртаецца да Лукашэнкі з пытаннем, ці здольны той кантраляваць сілавікоў, якіх ён абвінавачвае ў карупцыі і знішчэнні прыватнага бізнесу.