Беларусы, якія жывуць за мяжой, працягваюць ездзіць на радзіму, нягледзячы на рэгулярныя паведамленні пра затрыманні, штрафы і суды. Гарачая лінія фонду BYSOL расказала, калі не варта ехаць на радзіму і што рабіць, калі ехаць усё ж трэба.

Фонд BYSOL расказаў, што стаў усё часцей атрымліваць на «Гарачую лінію» (@help_bysol у Telegram) пытанні ад беларусаў наконт бяспекі паездак на радзіму. Фонд прапанаваў кароткую інструкцыю для тых, хто збіраецца ў Беларусь.

,,

«Узважце сваю сітуацыю. Калі можаце не ехаць у Беларусь – не едзьце», – раіць BYSOL.

Нягледзячы на тое, колькі часу мінула ад 2020 года, рэпрэсіі працягваюцца ў поўным абʼёме, канстатуе BYSOL.

У выпадку, калі не паехаць нельга, раяць ацаніць рызыкі. Не варта ехаць, калі ёсць нават дробныя сумневы. Бывалі сітуацыі, калі людзі былі ўпэўненыя ў бяспецы паездкі, але трапілі пад пераслед. Кароткі візіт можа скончыцца затрыманнем, калі родным давядзецца шукаць грошы на перадачы. Калі былі пратаколы, арышты, допыты ці штрафы, рызыка затрымання надзвычай высокая. Але пад рэпрэсіі трапляюць нават тыя, хто не лічыў сябе актыўным у 2020 годзе.

Да пераходу мяжы варта прыбраць з лічбавай тэхнікі і сацсетак усё, што можа зрабіцца падставай да затрымання. «Белсат» перадаваў парады хакераў наконт таго, як чысціць тэлефон перад пераходам мяжы. Але нават калі сацсеткі раней былі пачышчаныя, гэта не дае аніякіх гарантыяў, нагадвае BYSOL: сілавікі маюць вялізную базу скрыншотаў ранейшых паведамленняў. Старыя фота, лайкі, падпіскі, каментары ў сацсетках, данаты і нават прыватныя перапіскі абавязкова будуць падставай для затрымання і прыцягнення да крымінальнай адказнасці, упэўнены BYSOL. Нават непублічная перасылка матэрыялаў, якія ўлады Беларусі лічаць «экстрэмісцкімі», вельмі небяспечная, а спіс такіх матэрыялаў папаўняецца ўвесь час. «Белсат» паказваў, што такое «экстрэмізм». Гэта вельмі неінтуітыўна.

Нават калі мяжу ўдалося прайсці добра, гэта не гарантуе бяспекі падчас візіту ў краіну. Неднаразова былі паведамленні пра затрыманні праз некалькі дзён па пераходзе мяжы. Да таго ж, часам хапаюць сваякоў тых, каго затрымалі на мяжы. Так, праваабарончы цэнтр «Вясна» расказваў, як на мяжы па вяртанні з Польшчы затрымалі актывіста з Рэчыцы, а праз некалькі дзён у Менску быў затрыманы ягоны брат.

BYSOL паўтарае: бяспека важней за ўсё, і калі можна не ехаць у Беларусь, лепш не ехаць.

Белсат