Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі даў інтэрв’ю польскаму выданню Newsweek, дзе распавёў пра адчуванне свабоды, холад у штрафным ізалятары, а таксама паразважаў пра легітымізацыю рэжыму і планы на будучыню. Прыводзім некаторыя цытаты з інтэрв’ю.

Алесь Бяляцкі, 13 снежня 2025 года. Фота: spring96.org
Алесь Бяляцкі пасля чатырох з паловай гадоў зняволення знаходзіцца на волі ўжо амаль два месяцы. Цяпер ён жыве ў Осла. Адказваючы але пытанне аб адчуваннях на волі, адзначыў, што ўсё яшчэ не можа прыйсці ў сябе ад захаплення.
“Гэта як выйсці на свежае паветра з пакоя, напоўненага якім-небудзь таксічным газам. Дыхаеш на поўныя грудзі, усё здаецца прыгожым, усё цікава. Калі я праходжу міма вітрын крам, мне хочацца што-небудзь купіць. Калі я бачу рэстаран, я думаю паспрабаваць там якую-небудзь страву. Мая жонка павінна мяне абсякаць. “Алесь, хопіць. Пайшлі!” — кажа яна і адводзіць мяне ў бок (смяецца). Пасля многіх гадоў турэмнага рэжыму — пад’ём а 5:00 раніцы, адбой а 22:00 — я нарэшце магу прачынацца і класціся спаць, калі захачу. Наколькі цудоўная свабода, не зразумее ніхто, хто ніколі не сядзеў у турме. Гэта як нарадзіцца нанова”.
Праваабаронца лічыць, што ён не падвергнуўся фізічным катаванням, дзякуючы статусу нобелеўскага лаўрэата.
“Я думаю, што ў супрацоўнікаў калоніі была выразная інструкцыя зверху, з Мінска, звяртацца са мной лепш, чым з астатнімі палітвязнямі. Я не скажу, што мяне праз гэта паважалі — яны проста баяліся нашкодзіць мне. Гэта не значыць, што я не пакутаваў. Калі ўжо ў калоніі мяне пасадзілі ў ШІЗА, мяне катавалі холадам. У ШІЗА сядзіш у вельмі тонкай вопратцы, а ўвосень ці ўзімку тэмпература апускаецца да 8-10 градусаў па Цэльсіі. Спаць у такі холад проста немагчыма. Падрэмлеш 15-20 хвілін, і цела за гэты час настолькі астывае, што прачынаешся ад курчаў. Пасля некалькіх бяссонных ад холаду начэй у карцары думаеш толькі пра тое, каб апынуцца ў якім-небудзь цёплым месцы. Я ведаю, пра што кажу, бо я перажыў гэта. У ШІЗА я правёў агулам 38 дзён”.
Алесь Бяляцкі адзначае, што ў зняволенні пераканаўся, што сярод персаналу практычна няма людзей, якія вераць у тое, што кажа Лукашэнка, і пераканана падтрымліваюць рэжым.
“Кар’ерысты прэсуюць зняволеных з мэтай прасоўвання па службе, але не вераць у сістэму. Большасць з іх — людзі, якія разглядаюць працу ў калоніі як сродак да існавання. У гэтых адносінах сітуацыя моцна змянілася з маёй папярэдняй адседкі. Тады былі яшчэ ідэйныя супрацоўнікі”.
У размове з праваабаронцам журналіст адзначыў, што апошняя група палітычных зняволеных апынулася на волі, таму што Дональд Трамп пайшоў на перамовы з Лукашэнкам. Цаной іх свабоды была адмена часткі санкцый. Адсюль пытанне: хіба амерыканскі прэзідэнт не легітымізуе такім чынам рэжым?
“Амерыканцы прапанавалі перамовы аб вызваленні палітвязняў у абмен на паступовую адмену санкцый, але зусім не таму, што лічаць Беларусь нейкай асабліва важнай краінай у рэгіёне. Я думаю, што галоўная мэта адміністрацыі Трампа — спыніць вайну ва Украіне, а пагадненне з Лукашэнкам, на думку Вашынгтона, можа наблізіць рэалізацыю гэтай мэты, паколькі дыктатар мае нейкі мінімальны ўплыў на Пуціна. Акрамя таго, Белы дом хацеў такім чынам прадухіліць актыўнае ўцягванне Беларусі ў вайну, а такая рызыка была. Яшчэ два-тры гады таму я сам баяўся, што беларускіх жаўнераў адправяць на фронт, а Лукашэнка з хаўрусніка Пуціна стане і ягоным таварышам па зброі.
Адказваючы на пытанне — рэжым вядзе своеасаблівы гандаль людзьмі з пасланнікам Трампа [Джонам Коўлам — рэд.], а да нас, палітвязняў, ставіцца як да тавару. Як вядома, ніхто не пытаецца ў тавару пра тое, ці хоча ён быць прададзеным і за колькі. Паўтару, што без узмацнення жорсткасці санкцый пасля 2022 года да гэтых таргоў ніколі б не дайшло, таму Еўразвяз павінен падтрымліваць ціск на рэжым. Жорсткая палітыка ў адносінах да рэжыму дакладная, я заўсёды яе падтрымліваў і буду працягваць падтрымліваць. Тым больш што з моманту вызвалення нашай групы было арыштавана не менш за сто палітычных зняволеных. Рэжым вызваляе адных, а іншых саджае за краты.
Нам патрэбна нейкая геапалітычнае ўзварушэнне. Трансфармацыя ў краінах Цэнтральнай Еўропы не ўдалася б, калі б не распаўся Савецкі Саюз. Баюся, што калі Пуцін не прайграе вайну ва Украіне, у Беларусі не адбудзецца дэмакратычных пераўтварэнняў”.
Алесь Бяляцкі верыць, што дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі непазбежныя:
“Сваю апазіцыйную дзейнасць я пачаў у маладосці ў пачатку 80-х… Тады яшчэ існаваў Савецкі Саюз, КПСС валодала непадзельнай уладай, а парадак ахоўваў Варшаўскі дагавор. Часы былі змрочныя, але мы з надзеяй глядзелі на польскую “Салідарнасць”. Сёння ў нас больш саюзнікаў, а дзякуючы змене пакаленняў беларускае грамадства больш адкрыта да пераменаў. Фактычны ўзровень падтрымкі рэжыму дасягнуў дна. Гэта хунта, улада якой трымаецца на грубай сіле. Без падтрымкі сілавікоў і войска Лукашэнка б страціў уладу. Рэжым не абрынецца заўтра, але цяперашняя сітуацыя доўга пратрымаецца. Змены непазбежныя, хоць сёння цяжка прадказаць, што будзе трыгерам. Важна, каб мы былі да іх гатовыя. Што тычыцца мяне, я буду займацца тым, чым і да 2021 года — абаронай правоў чалавека і дэмакратыі ва Усходняй Еўропе, толькі як лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру я буду рабіць гэта пры Нобелеўскім камітэце ў Осла. Я спадзяюся, што дзякуючы гэтаму сусветная грамадскасць будзе больш цікавіцца Беларуссю”.
Вясна
