Былога кіраўніка БРСМ з Іўя дадалі ў «спіс тэрарыстаў» — яго абвінавачваюць у «распальванні варожасці»

Сяргей Пахомаў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Казахстане, але вырас у Беларусі. У 2013 годзе ён скончыў Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы і пайшоў працаваць настаўнікам гісторыі ў школу ў Жамыслаўлі — там, дзе стаіць знакаміты палац.

Малады спецыяліст неўзабаве стаў першым сакратаром Іўеўскага раённага камітэта БРСМ і нават трапіў у рэзерв кіруючых кадраў мясцовага выканкама. У інтэрв’ю дзяржаўнай прэсе ён хваліў беларускую стабільнасць і ладзіў праўладныя акцыі.

Аднак пазней жыццё Сяргея змянілася. Пасля 2017‑га ён пайшоў з адукацыі. У лютым 2025 года Пахомаў зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, асноўным відам дзейнасці пазначыў дахавыя работы, піша «Наша Ніва».

Нядаўна стала вядома, што 37‑гадовы мужчына знаходзіцца ў СІЗА. Яму выстаўлена абвінавачанне паводле артыкула 130 КК (распальванне варожасці).