
Алесь Смалянчук вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук.
Прэміяй за заслугі ў галіне гісторыі і захаваньня гістарычнай памяці, заснаванай Форумам супрацы і дыялогу Польшча — Літва і польска-літоўскага Форуму дыялогу і супрацы імя Ежы Гедройця ўганаравалі беларускага гісторыка прафесара Аляксандра Смаленчука, піша Позірк.
У сваім выступе на ўрачыстай цырымоніі ўручэньня прэміі ў музеі «Каралеўскія Лазенкі» ў Варшаве Смалянчук адзначыў, што трактуе атрыманую ім узнагароду як «прызнаньне працы ўсіх беларускіх гісторыкаў, вымушаных пакінуць сваю краіну, у якой цяпер няма свабоды навуковых дасьледаваньняў у галіне гуманітарных і грамадзкіх навук, а іх удзельнікам пагражаюць рэпрэсіі».
На цырымоніі выступіў ляўрэат прэміі «Салідарнасьць» імя Леха Валенсы, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка. Ён адзначыў, што сёлета прэмія ўпершыню «пашыраная на прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі».
Смалянчук нарадзіўся ў 1959 годзе ў Наваельні. Значны час жыў і працаваў у Гародні. Доктар гістарычных навук, прафесар. Дасьледуе агульную гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы. Працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук.
Цырымонія ўручэньня прэмій форуму супрацы і дыялогу Польшча — Літва і Форуму дыялогу і супрацы імя Ежы Гедройця ёсць адным з найважнейшых мерапрыемстваў, прысьвечаных пабудове дыялогу, паразуменьня і супрацы паміж Польшчай і Літвой, а таксама народамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
