
Амбудсмэн па грамадзянскіх правах Польшчы заняўся праблемай з адкрыццём банкаўскіх рахункаў. З ёй сутыкнуліся беларусы, якія падалі ў гэтай краіне заяву аб міжнароднай абароне. У Камісію фінансавага нагляду Польшчы звярнуўся намеснік амбудсмэна Войцех Бжазоўскі, звярнула ўвагу выданне MOST.
У звароце гаворыцца, што банкі адмаўляюць адкрываць рахункі беларусам, якія чакаюць рашэння па заявы аб міжнароднай абароне. Просьбіты прытулку паказваюць часовае пасведчанне асобы замежніка. Але ў банках заяўляюць, што гэтага дакумента недастаткова. Да таго ж банкі просяць беларусаў падаць дакументы, якія пацвярджаюць прыбытак.
Прадстаўнік амбудсмэна нагадвае, што замежнікі, якія просяць міжнародную абарону ў Польшчы, не маюць іншых дакументаў, акрамя часовага пасведчання асобы. У адпаведнасці з польскім заканадаўствам, гэты дакумент пацвярджае асобу замежніка, пакуль працягваецца разгляд яго справы аб міжнароднай абароне. Акрамя таго, асоба, якая звярнулася па міжнародную абарону, не мае права працаваць на працягу паўгода з моманту падачы заявы і не можа даць пацвярджэння крыніцы даходу.
Многія беларусы ў гэты перыяд атрымліваюць дапамогу ад арганізацый падтрымкі рэпрэсаваных. Аднак адсутнасць банкаўскага рахунку ўскладняе атрыманне такой дапамогі.
Бжазоўскі просіць старшыню Камісіі фінансавага нагляду выказаць сваю пазіцыю наконт такіх праблем беларусаў. Таксама ён просіць растлумачыць, як замежнікі з часовым пасведчаннем асобы могуць адкрыць банкаўскі рахунак у Польшчы.
Істотныя праблемы з банкаўскімі рахункамі пачаліся ў беларусаў пасля ўвядзення новага пакета фінансавых санкцый, прынятага ў кастрычніку 2025 года. Для адкрыцця рахунку банкі сталі патрабаваць від на жыхарства. Некаторым беларусам, у якіх скончыўся від на жыхарства, сталі блакаваць рахункі.
