
Ілюстрацыйнае фота зроблена з дапамогай ШІ
Амаль два гады былы палітвязень Аляксей (імя змененае ў мэтах бяспекі) правёў у калоніі за ўдзел у мірных пратэстах: халодныя камеры штрафных ізалятараў і памяшканняў камернага тыпу, знявагі і пастаянныя пакаранні для палітычных. Пасля вызвалення па заканчэнні тэрміну ён быў вымушаны з’ехаць з краіны праз немагчымасць знайсці працу і міліцэйскі кантроль. Ужо больш за два гады мужчына з сям’ёй жыве ў Італіі. Аляксей распавёў “Вясне” пра холад у бабруйскай калоніі, падтрымку ад Анджэя Пачобута ды іншае.
З моманту вызвалення Аляксея прайшло больш за два з паловай гады — ён кажа, што цяпер імкнецца не ўзгадваць перыяд палітычнага пераследу ў Беларусі.
“Знаходзячыся ў камеры 24 гадзіны, сем дзён на тыдзень, запамінаеш усе дэталі гэтага пакоя да дробязяў. І табе здаецца, што ты іх ніколі не забудзеш. На шчасце, час лекуе. І цяпер, знаходзячыся ў іншай краіне і ў бяспецы, многія моманты турэмнага жыцця сціраюцца з памяці. Іншая краіна, іншая мова, праца, хатнія клопаты… Усё гэта дапамагае сцерці з памяці гэты бруд. Я стараюся не ўспамінаць гэты перыяд жыцця. Так лягчэй…”
Па словах былога палітвязня, яму ўжо практычна ўдалося аднавіцца пасля зняволення:
“Цяпер, праз два з паловай гады, я ўжо магу сказаць, што фізічна і псіхалагічна ўжо амаль аднавіўся. Першыя паўтара года пасля вызвалення былі складаней. Цяпер у памяці часам усплываюць успаміны пра турму і, на жаль, часам сняцца сны пра турму”.
“Усіх палітычных этапавалі ў кайданках”
Свой тэрмін за пратэсты мужчына адбываў у бабруйскай калоніі. Ён распавядае, што самым складаным там было знаходжанне ў халодным штрафным ізалятары (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ):
“Для мяне самым цяжкім быў холад у зімовы перыяд у ПКТ. Ацяпленне ледзь-ледзь працавала ноччу. Акрамя таго, адміністрацыя калоніі сістэматычна ладзіла скразнякі. Яны называлі гэта “праветрываннем”. У бабруйскім ПКТ так зробленыя дзверы ў камеру, што можна засунуць кулак пад іх — так скразнякі з калідора і прыходзілі ў камеру. Я, напрыклад, заўсёды зачыняў дзверы знізу ад скразнякоў анучай, якой мыў падлогу. Гэта крыху ратавала сітуацыю.
Таксама вельмі дрэнна працавала “атаварка” [турэмная крама — заўв. рэд.]. Даводзілася “атаварвацца” са скандалам кожны месяц.
Для некаторых у ПКТ таксама складана было знаходзіцца, бо, як правіла, ты знаходзішся сам-насам 24/7. Але я спакойна праводжу час адзін. І мне ў гэтым пытанні было лягчэй”.
Аляксей, распавядаючы пра прадузятае стаўленне да палітвязняў у калоніі ў 2022 годзе, адразу ўспамінае цяжкія этапы:
“З СІЗА ў калонію нас везлі ў спецыяльным вагоне. У гэтым вагоне ўсіх палітычных этапавалі ў кайданках. Незалежна ад тэрміну — адзін, два, пяць гадоў — усе едуць у кайданках. А людзі, асуджаныя паводле іншых цяжкіх артыкулаў і з вялікімі тэрмінамі — 8-13 гадоў — едуць без кайданкоў.
Адразу як з СІЗА трапляеш у калонію, ужо адчуваецца розніца з першых дзён — адразу ўсім палітычным даюць па два парушэнні. Напрыклад, у каранціне каля 70 чалавек — з іх пяць палітычных. Адпаведна, гэтыя пяць чалавек атрымліваюць па два парушэнні, астатнія 65 выходзяць з каранціну без парушэнняў. І гэта паўтараецца сістэматычна. І, вядома ж, палітычнымі пастаянна запоўненыя ШІЗА і ПКТ.
Страшна першы раз было трапіць у ШІЗА. Але першы раз усім страшна — ну а далей усё ідзе, як па масле [смяецца]. Я добра бавіў час сам-насам. Толькі з холадам была праблема. Даводзілася рабіць сістэматычна практыкаванні, каб сагрэцца”.
Былы палітвязень адзначае, што больш за ўсё ў зняволенні пацярпела фізічнае здароўе — праз нізкі ўзровень медычнага абслугоўвання:
“У калоніі таблеткі даводзілася выпрошваць. З тэмпературай даводзілася хадзіць на “промку” працаваць. Толькі калі ёсць небяспека, што ты памрэш у калоніі ці табе сапраўды вельмі дрэнна, тады цябе пачынаюць неяк лекаваць”.
“У зняволенні я пазнаёміўся з многімі добрымі людзьмі”
Аляксей кажа, што дапамагалі захоўваць чалавечую годнасць у жудасных умовах асабістыя перакананні ды падтрымка іншых палітвязняў:
“Мой дэвіз па жыцці: “Заўсёды і ўсюды заставацца чалавекам, як бы ні было цяжка”. У свой час я праходзіў тэрміновую службу ў войску ў Беларусі ды прытрымліваўся гэтага дэвізу, і мне гэта дапамагло ў СІЗА і калоніі. Вельмі часта людзі ў складаных сітуацыях губляюць годнасць ці, наадварот, чалавек становіцца іншым, калі яго, напрыклад, прызначаюць начальнікам або павышаюць на пасадзе. Адразу відаць, чаго варты гэты чалавек.
Мне ў нейкі момант нават пашанцавала. У зняволенні я пазнаёміўся з многімі добрымі людзьмі. І можа для кагосьці падасца дзіўным — там я навучыўся многаму. Так, напрыклад, у СІЗА Жодзіна мне ўдалося пабыць тры месяцы з Андрэем Пачобутам. Андрэй сам трымаўся вельмі добра, хоць ён казаў нам і разумеў ужо тады, што ў яго будзе вялікі тэрмін. Але ён не падаў духам і псіхалагічна падтрымліваў многіх хлопцаў парадамі ды цёплымі словамі”.
Вясна
