110 гадоў таму (1916 год) – У Старым Двары (Шчучынскі р-н) памерла Цётка (сапр. Алаіза Пашкевіч, у замужжы Кайрыс), беларуская грамадзка-палітычная дзяячка, паэтка, асьветніца, выдаўніца. Пахавана ў Старым Двары.

Жыццярыс

Цётка стала першай беларускай паэткай новага стагоддзя, яна была ў цэнтры тых асяродкаў, якія рыхтавалі хвалю нацыянальнага абуджэння і адраджэння, была адной з пачынальніц многіх арганізацый. Алаіза абрала такі псеўданім хутчэй усяго таму, што нашай пакутнай зямлі, сапраўднай сіраціне, востра бракавала “цеплыні” і “пяшчоты”, якую можна было б атрымаць менавіта ад роднай цёткі.

Паходзіла з шляхецкай сям’і. Бацька валодаў гаспадаркай ў 100 га, а таксама меў “пустошу” Пяшчыну, якую аддаваў у арэнду сялянам. Мела двух братоў: Вацлаў і Язэп (памёр у 1915 г. на фронце) – афіцэры 170-га Маладэчанскага пяхотнага палку; сясцёр: Стэфанія, Караліна і Софія. Скончыла Віленскае прыватнае сямікласнае вучылішча Веры Прозаравай. Плата за навуку была вельмі высокая – 100 рублёў у год, таму за старанную і добрую вучобу Алаізе прызначылі стыпендыю. Настаўнічала ў вёсцы. У 1902-04 гадах вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу, атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўвала ў жыцці. У час вучобы ў Пецярбургу актыўна ўдзельнічала ў гуртку студэнтаў-беларусаў “Круг беларускай народнай прасветы”. Тады вызначылася яе грамадзянская пазіцыя і пачалася літаратурная творчасць.

Помнік у Шчучыне

У 1904 годзе пераехала ў Вільню, дзе пачала актыўную прапагандысцкую работу, адначасна працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. У 1904-05 гадах – дзеячка Беларускай сацыялістычнай Грамады. Пад пагрозай арыштубыла змушана на нейкі час пакінуць Вільню, пачала вывучаць літаратуру ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Пад уплывам І. Сольскай зацікавілася тэатрам, і нейкі час наведвала драматычную студыю. Брала ўдзел у выпуску першай беларускай газеты “Наша доля”.

Потым эмігруе, едзе ў Галіцыю, дзе паступае вольнаю слухачкай на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэту. Займаецца вывучэннем беларускага тэатра і фальклору. У лютым 1912 года выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Вільню. У 1914 годзе Цётка пачынае выдаваць у Менску часопіс для моладзі “Лучынка”. Прыклала шмат высілкаў каб арганізаваць і падрыхтаваць трупу беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па мястэчках Віленшчыны.

Шляхі Цёткі пралягалі праз Вільню і Пецярбург, Кракаў і Львоў, Менск і Закапаны, Фінляндыю і Швецыю. І ўсюды, дзе толькі было магчыма, яна была ў эпіцэнтры беларускіх асяродкаў, чынна ўплываючы на іх актыўнасць. Ахвярнасць Цёткі ўражвае, церпячы матэрыяльныя нястачы, яна аддавала ўсе свае сілы працы, дапамозе іншым. Яна прыкладала шмат высілкаў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні. Разуменне значнасці беларускай адукацыі натхняе яе на стварэнне для новага пакалення “Лемантара”, “Гасцінца для малых дзяцей”, “Першага чытання для дзетак беларусаў”. Яна дапамагае ў стварэнні прытулкаў, як сястра міласэрнасці даглядае хворых у тыфозным бараку. У студзені 1916 года ў Лідзе ад тыфусу памёр бацька, і Алаіза едзе на пахаванне. У наваколлі якраз лютавала эпідэмія. Алаіза, якая раней пакутавала на сухоты, застаецца дапамагаць хворым. Ратуючы аднавяскоўцаў, яна сама захварэла на тыфус і хутка памерла.

Цікавінка

Працуючы фельчаркай і сястрой міласэрнасці, Цётка трымала ў сутарэнні лякарні шапірограф, на якім у 1905 годзе быў памножаны яе верш “Вера беларуса”.

Памяць

Пахавана ў Старым Двары (Шчучынскі р-н). На магіле ўсталяваны помнік. Помнікі паэтцы стаяць у Шчучыне і Астрыне. Яе імя маюць вуліцы ў Менску, Маладэчне, Шчучыне, Гародні, школа ў Астрыне, Шчучынская раённая бібліятэка, Гарадзенская культурна-асветная вучэльня.