“Што чакае Беларусь наперадзе?” — у вебінары пад такім загалоўкам прынялі ўдзел Нобелеўскі лаўрэат, старшыня ПЦ “Вясна” і былы палітвязень Алесь Бяляцкі, а таксама палітычная актывістка, музыкантка і былая палітзняволеная Марыя Калеснікава. Сустрэча была арганізавана Chatham House.

Алесь Бяляцкі падчас вебінару падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі пасля 2020 года:

“За апошнія пяць гадоў даволі шмат змянілася. Скончыўся ў 2020 годзе этап адносна мірнага суіснавання, калі ўлады былі ўпэўненыя, што яны кантралююць сітуацыю праз розныя віды абмежаванняў, праз маргіналізацыю палітычнай апазіцыі, грамадскага сектара, сродкаў масавай інфармацыі. Да 2020 года ўлады не бачылі вартага палітычнага і ідэалагічнага суперніка. Таму і працавалі, можна так сказаць, моцна не налягаючы. КДБ займалася часта крышаваннем бізнесу, вертыкаль — уладкаваннем уласнага становішча. Была шэрая сфера, у якой маглі працаваць незарэгістраваныя грамадскія ініцыятывы. І Лукашэнка быў перакананы, што ўсё ў яго пад кантролем. Але 2020 год усё змяніў. Лукашэнка ў выніку палітычнага крызісу прыняў рашэнне любым чынам застацца ва ўладзе. Ён неаднаразова казаў пра гэта, і вось адну з такіх цытат я літаральна сёння проста дастаў (іх дзясяткі, якія адносяцца да таго часу): 16 верасня 2020 года, сустракаючыся з палітычным актывам краіны, ён сказаў: “Я не понимаю, какие еще нужны перемены. Основные уроки мы вынесли. Мы знаем, где и с кем недоработали. В ближайшее время устраним уже проявившиеся недостатки. Закроем проблемы по внутриполитическому фронту — уже в этом году Беларусь должна и вернется к безопасному периоду, который был у нас всегда в Минске. Время баррикад и митингов завершилось”.

Фактычна гэтую праграму, гэты эскіз ён потым перанёс на рэальную палітычную глебу, і фактычна ўсе пяць гадоў гэтая праграма выконвалася. Масавыя рэпрэсіі, якія пачаліся ў 2020 годзе, набылі з таго часу пастаянны сістэмны характар і выйшлі на абсалютна іншы ўзровень. Нагадаю, што зараз у краіне, паводле падлікаў праваабаронцаў, 1150 палітычных вязняў — гэта лічба няпоўная. А ў красавіку 2020 года мы налічвалі ўсяго чатырох палітвязняў.

Але вобшукі, арышты, суды ўсе апошнія пяць гадоў па палітычных матывах працягваюцца. За апошнія пяць з паловай гадоў у крымінальных судах было асуджана, паводле нашых звестак, больш за 8 000 чалавек. Гэта на дзевяць мільёнаў насельніцтва краіны — хіба што адзін з найвышэйшых паказчыкаў рэпрэсій у адносінах да грамадзян краіны ў свеце. І крымінальны пераслед па палітычных матывах у Беларусі пастаўлены на канвеер. Зніклі незалежныя сродкі масавай інфармацыі, дзясяткі журналістаў знаходзяцца ў зняволенні, пад ціскам рэпрэсій спынілі працу ў краіне практычна ўсе грамадзянскія ініцыятывы. Ідзе вайна з беларускай мовай, з беларускай культурай, узмацніліся працэсы каланізацыі. Мы працягваем страчваць незалежнасць. З’явіліся шматлікія расійскія вайсковыя часткі, а эканоміка крытычна залежыць ад Расіі і Кітая. Рэжым абкладзены моцнымі эканамічнымі і палітычнымі санкцыямі.

Беларусь зараз нагадвае выпаленае поле.Гэта вынік свядомага рашэння Лукашэнкі поўнага непрыняцця і нулявой лаяльнасці да любога віду і роду апанентаў. Сённяшнюю сітуацыю можна параўнаць хіба што са сталінскімі часамі. Бо нават у 1960–1970-я паслясталінскія гады ў асяродках беларускай інтэлігенцыі дазвалялася пэўная апазіцыйнасць, і колькасць палітвязняў у Беларусі ў тыя часы лічылася адзінкамі.

Пры гэтым такая чорна-белая сітуацыя распаўсюдзілася і на шырокія слаі беларускага грамадства. Ад ціску ўладаў сёння церпяць не толькі апаненты рэжыму. Я гэта адчуваў, кантактуючы са звычайнымі зняволенымі. Пастаянна чуў, што звычайны чалавек не мае ніякіх правоў. І людзі адчуваюць гэты ціск на сябе, на свае базавыя правы, базавыя патрэбы. І ў грамадстве існуе высокі ўзровень незадавальнення, раздражнення. Грамадства нагадвае кіпячы кацёл, накрыўку якога шчыльна закруцілі жалезнымі балтамі. Такая ўнутрыпалітычная сітуацыя задавальняе беларускі рэжым. Яна дае яму па-за крытыкай кантроль над эканомікай, над палітычнымі крокамі ў краіне і за яе межамі краіны. Яна дае ілюзію поўнага кантролю над грамадствам: як і пяць гадоў таму, так і зараз ім не патрэбна ніякая крытыка, ніякія змены. Галоўная мэта — захаваць усё так, як яно ёсць зараз.

Але, нягледзячы на жаданне рэжыму, актыўнае беларускае грамадскае і палітычнае жыццё не знікла. Яно перамясцілася зараз у эміграцыю, за межы Беларусі, затаілася ў самой Беларусі. І гэты феномен моцнай палітычнай, грамадскай, культурнай міграцыі адсутнічаў да 2020 года. Ён зараз прысутнічае, і я спадзяюся, што ён будзе ўплываць на далейшую будучыню Беларусі вельмі моцна”.

Марыя Калеснікава распавяла, як яна бачыць тое, што адбылося.

“У 2020 годзе мы былі вельмі блізкія да дэмакратыі. За час праўлення Лукашэнкі ў нас быў мірны беларускі дэмакратычны пераход, ён амаль адбыўся, але гэтага недастаткова. І Беларусь як грамадзянская дзяржава шмат інвеставала ў арганізацыю, салідарнасць. І як адрэагаваў рэжым? Беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі. Сёння ў нас іншая фаза — гэта нерэвалюцыйны момант. Гэта перыяд моцнага ціску на грамадства, ізаляцыі, страху. Беларусь адышла яшчэ далей ад сваіх дэмакратычных памкненняў. І, што яшчэ больш трагічна, рэжым зрабіў краіну саўдзельніцай вайны Расіі супраць Украіны. Тое, што было б проста немагчыма ўявіць усяго некалькі гадоў таму. І такім чынам стратэгічная мэта застаецца дэмакратызацыяй, але тактычна мы павінны прызнаць, што не можам змяніць рэжым зараз. Ні дэмакратычны рух, ні заходнія партнёры не маюць для гэтага рычагоў уплыву ў кароткатэрміновай перспектыве. І таму я выступаю за спалучэнне каштоўнасцяў і прагматызму”.

Алесь Бяляцкі пракаментаваў таксама пытанне вызвалення палітвязняў, санкцый і перамоваў з рэжымам.

“Вызваленне палітвязняў у Беларусі відавочна абумоўлена патрэбамі двух бакоў. Патрабаванне вызвалення палітвязняў з боку дэмакратычных еўрапейскіх краін і ЗША гучала ад пачатку, як толькі пачаліся масавыя рэпрэсіі. І палітвязні былі адной з прычын увядзення палітычных і эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму. Беларускія ўлады пасля чатырох гадоў санкцый урэшце былі вымушаныя шукаць выйсце з эканамічнай ізаляцыі. Хоць усе гэтыя гады Лукашэнка сцвярджаў у сваім коле: не звяртайце ўвагу на санкцыі, гэта мая справа, займайцеся эканомікай… Ну як можна было займацца эканомікай, калі ўвесь гандаль з Украінай быў абвалены і абрэзаны, увесь гандаль з Еўрапейскім саюзам год ад году змяншаўся — а гэта самыя выгадныя эканамічныя партнёры Беларусі пасля Расіі. І перамовы рэжыму з ЗША на сёння маюць абмежаваны характар. З аднаго боку яны прыводзяць да паэтапнага вызвалення палітвязняў узамен на адмену некаторых санкцый, у тым ліку вось і мяне, і Марыю Калеснікаву вызвалілі ў адной з снежаньскіх груп. З другога боку, яны не спыняюць рэпрэсіі ў Беларусі, не даюць гарантый, што такія санкцыі будуць адмененыя еўрапейскімі краінамі. Таму ў нейкай ступені перамовы ўмацоўваюць рэжым, але не настолькі, каб ад іх адмаўляцца. Размаўляюць урэшце і з тэрарыстамі і часам чагосьці дабіваюцца ў гэтых перамовах. Нішто не прымусіла б сёння Лукашэнку пайсці на перамовы, каб не эканамічныя цяжкасці, звязаныя з санкцыямі, і не палітычная ізаляцыя. Як ён учора сказаў дзяржаўнаму сакратару саюзнай дзяржавы Сяргею Глазьеву: “нам в этих переговорах удается решать свои проблемы”.

Таму ў гэтых перамовах кожны бок імкнецца дабіцца свайго. І краінам Еўропы, да якой адносіцца і Беларусь, я думаю, не варта спяшацца (я нават перакананы ў гэтым), таму што я сумняваюся, што перамовы ў сённяшнім фармаце прывядуць да нейкага заўважнага балансу інтарэсаў. Ад рэжыму неабходна дабівацца поўнага спынення рэпрэсій і сістэмных зменаў у краіне. Інакш гэты жах, які адбываецца сёння ў Беларусі, будзе паўтарацца зноў і зноў. Ці ўдасца гэта зрабіць пры Лукашэнку — гэта пытанне.

Але сітуацыя небезнадзейная, і нам трэба тут рабіць тое, што мы можам рабіць у гэтай сітуацыі. Нам, грамадскім актывістам, палітычным актывістам, людзям, якія бачаць Беларусь вольнай, незалежнай і дэмакратычнай краінай, трэба ўмацоўваць палітычную еднасць беларускай апазіцыі ў эміграцыі. Трэба падтрымліваць усялякія грамадскія ініцыятывы, незалежныя сродкі масавай інфармацыі, незалежнае блогерства, праваабаронцаў, моладзь, беларускія культурніцкія, моўныя праекты — усё, што звязана з вольнай дэмакратычнай думкай як у эміграцыі, так і, па магчымасці, у Беларусі. І гэта раней ці пазней акажа ўплыў на змену сітуацыі ў Беларусі. Я ў гэтым перакананы. І тут далёка хадзіць не трэба: вазьміце той уплыў, які аказвала пасляваенная польская эміграцыя ці літоўская эміграцыя на сітуацыю ў Польшчы і Літве. І я думаю, што роля беларускай апазіцыі можа быць яшчэ большай, улічваючы сённяшнія магчымасці перадачы інфармацыі праз сацыяльныя сеткі. Рэжым не мае цвёрдай падтрымкі ў беларускім грамадстве. Лукашэнка трымаецца коштам гвалту і рэпрэсій пры падтрымцы Расіі. І нам трэба рыхтаваць будучыя змены ў краіне і быць гатовымі да іх”.

Вясна