Міністэрства замежных спраў Польшчы падрыхтавала праект змен у закон аб карце паляка, які істотна ўскладняе працэдуру атрымання гэтага дакумента. Як вынікае з апублікаванага праекта, урад плануе прыняць новую рэдакцыю закона ў другім квартале гэтага года.

Ключавая змена – карта паляка зможа выдавацца выключна на падставе пацверджанага польскага паходжання. Міністэрства замежных спраў прапануе скасаваць магчымасць атрымання дакумента па хадайніцтве польскіх або паланійных арганізацый. Раней такія даведкі маглі пацвярджаць удзел заяўніка ў дзейнасці па папулярызацыі польскай мовы і культуры на працягу як мінімум трох гадоў і служылі альтэрнатывай дакументам пра польскія карані.

Праект таксама прадугледжвае, што асобы, якія раней адмовіліся ад польскага грамадзянства, губляюць права на атрыманне карты паляка. Адначасова плануецца змяніць пералік правоў, якімі карыстаюцца ўладальнікі гэтага дакумента, аднак канкрэтныя прапановы па гэтай норме пакуль не апублікаваныя.