Падпісанне працоўнага пагаднення аб будаўніцтве трэцяга энергаблоку магутнасцю 1200 МВт на БелАЭС плануецца да канца 2026 года. Падрыхтоўка дакументу вядзецца супольна з «Росатомом», паведамляе Мінэнерга Беларусі.

Акрамя таго, Мінэнерга разлічвае на будаўніцтва другой АЭС у Беларусі.

,,

«Паралельна прапрацоўваецца праект другой атамнай электрастанцыі. Найбольш перспектыўная пляцоўка – Магілёўская вобласць. Новыя магутнасці закладваюцца з разлікам на рост спажывання электраэнергіі пасля 2040 года», – адзначае Мінэнерга.

Паводле звестак міністэрства, у 2025 годзе Беларуская атамная электрастанцыя выпрацавала 17 млрд кВт·г, што складае 40 % усёй электраэнергіі краіны.

У лістападзе 2025 года віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч апавёў, што на БелАЭС зʼявіцца яшчэ адзін энергаблок. Гэта адбылося пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Да яго, у верасні, кіраўнік «Росатома» Аляксей Ліхачоў выказаў упэўненасць у тым, што ў Беларусі зʼявіцца альбо яшчэ адна АЭС, альбо трэці энергаблок на БелАЭС.

Пра ідэі яшчэ большага нарошчвання атамнай энергетыкі ў Беларусі рэгулярна гаворыць Аляксандр Лукашэнка. На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у верасні ён сказаў, што гатовы пастаўляць электраэнергію з яшчэ адной АЭС у акупаваныя Расеяй тэрыторыі Украіны.

Арсен Рудэнка belsat.eu