мяжа

Рашэньне ўхваленае пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Міны стануць часткай «Усходняга шчыта» на мяжы Польшчы зь Беларусьсю і Расеяй, там будуць мільёны мінаў.

Улады Польшчы заяўляюць пра намер аднавіць вытворчасьць і фармаваньне запасаў такога ўзбраеньня, перадае Польскае радыё.

Польшча афіцыйна выйшла з Атаўскай канвэнцыі, якая забараняла выкарыстаньне, вытворчасьць і захоўваньне супрацьпяхотных мінаў. Ад 20 лютага палажэньні дакумэнту больш не стасуюцца Польшчы.

Намесьніца старшыні камісіі нацыянальнай абароны Сейму Польшчы Яанна Клюзік-Расткоўская лічыць рашэньне апраўданым:

«На пачатку ўварваньня ўкраінцы выкарысталі амаль тры мільёны супрацьпяхотных мінаў на мяжы, што значна запаволіла прасоўваньне расейцаў, і высьветлілася, што гэтыя міны неабходныя. Было зразумела, што ў выпадку канфлікту яны ўсё адно зьявяцца на нашай тэрыторыі. Пытаньне ў тым, ці будуць гэта расейскія міны, ці мы будзем мець уласныя», — заявіла яна.

Яанна Клюзік-Расткоўская падкрэсьліла, што важная ня толькі вытворчасьць, але і падрыхтоўка вайскоўцаў да бясьпечнага выкарыстаньня мінаў.

Раней з канвэнцыі таксама выйшлі Эстонія, Латвія, Літва і Фінляндыя.

Польшча будзе вырабляць супрацьпяхотныя міны для іх устаноўкі ўздоўж мяжы зь Беларусьсю

Польшча далучылася да шырэйшага рэгіянальнага зруху, у выніку якога амаль усе эўрапейскія краіны, якія мяжуюць з Расеяй, з выняткам Нарвэгіі, абвясьцілі пляны выхаду з глябальнай дамовы аб забароне такой зброі. Польшча хоча выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны для ўмацаваньня сваіх межаў зь Беларусьсю і Расеяй.

Міны будуць часткай «Усходняга шчыта» — абарончай праграмы, накіраванай на ўмацаваньне межаў Польшчы зь Беларусьсю і расейскім анклявам Калінінградам.

Польшча пачала працэс выхаду з Атаўскай канвэнцыі ў жніўні 2025 году.

Дзяржаўная кампанія Belma, якая ўжо пастаўляе польскай арміі некалькі іншых тыпаў мінаў, заявіла, што межы Польшчы будуць абсталяваныя мільёнамі мінаў у рамках праграмы «Ўсходні шчыт» для абароны 800-кілямэтровай усходняй мяжы краіны.

Раней Літва і Фінляндыя заявілі, што чакаюць пачатку вытворчасьці супрацьпяхотных мінаў пры ўсё большай занепакоенасьці магчымай агрэсіяй Расеі пасьля яе поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Латвія і Эстонія таксама выходзяць з дамовы, але не абвясьцілі аб плянах вытворчасьці мінаў. Украіна абвясьціла аб выхадзе з Атаўскай канвэнцыі 1997 года, каб мець магчымасьць лепш абараняцца ад Расеі, якая ня ўдзельнічае ў дамове.

svaboda.org