Госць Рацыі – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца, былы палітвязень, пісьменнік Алесь Бяляцкі. Паразмалялі з ім з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.

Алесь Бяляцкі. Фота: charter97.org.
РР: Сёння 21 лютага, на календары гэта Дзень роднай мовы, абвешчаны Міжнародным фондам ЮНЕСКА дзеля захавання моў, якія апынуліся на пагрозе знікнення. А ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, хаця кажуць, родная мова можа быць толькі адна. І як тут разабрацца нам, беларусам. Адна родная мова, дзве? Дзяржаўная – гэта тое ж што і родная?
Алесь Бяляцкі: Насамрэч родная мова адна. Тут іншага не можа быць. Звычайна чалавек вызначае сам сваю родную мову. І самыя розныя варыянты бываюць. Свой шлях жыццёвы згадваю. Я нарадзіўся ў Расеі, там жыў да трох з паловай гадоў. Потым мы пераехалі на Гомельшчыну ў Светлагорск, дзе хадзіў у расейскую школу. І вакол пераважна дзеці, выкладчыкі размаўлялі па-руску. А ў хаце ў нас бацька размаўляў па-руску, бо ён пражыў у Расеі 25 гадоў, з 10-ці гадоў пачынаючы, а маці па-беларуску, на такой добрай паляшуцкай мяшанцы. Хоць яна і пражыла 15 гадоў у Расеі, тым не менш беларускую мову не страціла. А бабуля, якая таксама пражыла ў Расеі значную частку жыцця, 25 гадоў, тая ўвогуле на расейскую мову так і не пераключылася. Яна размаўляла па-беларуску. Тое ж самае датычыцца другой маёй бабулі, якая ўвогуле па-расейску не ведала ніводнага слова, размаўляла толькі па-беларуску.
Для нас, для беларусаў, беларуская мова мае асаблівае значэнне, таму што гэта ёсць асноўная прычына, асноўная рэч, якая дазваляе нам захоўвацца як беларусам, як народу, улічваючы тое, што мы заціснутыя паміж двух большых народаў, расейцаў і палякаў. Нам трэба, канешне, трымацца за сваю беларускую мову, бо калі мы будзем губляць сваё, будзем губляць сваю мову, то раней ці пазней, мы перастанем быць беларусамі. Для нас гэта пытанне выжывання, як для народа, як для адной супольнасці, як для аднаго народа, які жыве на гэтай зямлі ўжо больш за тысячу гадоў.
РР: Ёсць такія меркаванні: а якая розніца – па-беларуску, ці па-руску, і прыводзяцца прыклады хаця б нямецкамоўнай Аўстрыі, ці ангельскамоўнай Ірландыі. Але ў нас іншая геапалітычная, і геаграфічная сітуацыя. Расейскі прынцып: дзе расейская мова – там і Расея, ён закранае і Беларусь.
Алесь Бяляцкі: Безумоўна, гэта імперыялістычная ідэя, якую называюць «рускі мір», то там адназначна расейцы паўсюль – дзе руская мова. Так яны трактуюць гэтую сітуацыю. І з іхняга пункту погляду, гэтых імперыялістычна настроеных колаў, якія зараз пануюць у Расеі і кіруюць Расеяй, то Беларусь для іх не з’яўляецца незалежнай дзяржавай, а беларуская мова – гэта штосьці штучнае, тое, што было прыдумана нядаўна, а беларусы – сапраўдныя рускія. Так, ёсць у іх там нейкі дыялект, «говар», «гаварок», але гэта ўсё роўна наш рускі народ.
Але гэта не адпавядае ні гістарычнай праўдзе, ні таму, што беларуская мова, маўляў, з’яўляецца несамастойнай, і не развітай, і яе недастаткова для таго, каб чалавек, які быў бы выхаваны ў гэтай мове, пачуваўся цалкам еўрапейскім чалавекам і мог дасягаць усяго таго, што дасягаюць іншыя цывізавана развітыя народы.
Таму беларуская мова для нас мае асаблівае значэнне, гэта пытанне нашага выжывання. І мы павінны ўсяляк дапамагаць, развіваць, шанаваць, прапагандаваць беларускую мову сярод сваіх беларусаў найперш, таму што, на жаль, сітуацыя такая, што зараз сапраўды мова знаходзіцца ў прыгнечаным стане. У Беларусі практычна адсутнічаюць: беларускамоўнае навучанне, адукацыя, гэта самая вялікая праблема, таму што калі не будзе ў нас беларускай школы, беларускіх універсітэтаў, беларускіх дзіцячых садочкаў, усялякіх курсаў на беларускай мове, то вельмі цяжка гаварыць пра перспектывы развіцця берускай мовы.
РР: Напрыканцы размовы хачу запыць пра бліжэйшыя планы як літаратара, але таксама як Нобелеўскага лаўрэата. Я спадзяюся, што вашая апошняя кніга яшчэ не пабачыла свет.
Алесь Бяляцкі: Насамрэч я таксама знаходжуся ў такой сітуацыі, што ідзе аднаўленне – і псіхалагічнае, і фізічнае пасля зняволення, як і ў кожнага зняволенага, які выходзіць з турмы, – патрэбны час, каб прыйсці ў сябе. Улічваючы, што я таксама не надта малады. Працэс адналення яшчэ ідзе. І тым не менш безумоўна планы ёсць. Планы напісаць таксама пра тое, што адбывалася падчас зняволення. Зрабіць такую кнігу ўспамінаў, ці можа эсе пра гэтыя чатыры з паловай гады зняволення. Гэта найбліжэйшыя літаратурныя планы.
Радыё Рацыя
