У цэнтры Беластока, насупраць помніка Юзэфу Пілсудскаму, прайшла акцыя беларускай дыяспары «Разам супраць расейскай агрэсіі» на знак салідарнасці з Украінай да чацвёртых угодкаў поўнамаштабнай вайны.
Да ўдзельнікаў звярнулася намесніца Прэзідэнта горада Беластока Эліза Агнешка Цыбулька:
– Сустрэліся мы тут разам – беластачанкі і беластачане, украінкі і ўкраінцы, беларусы і беларускі – каб запратэставаць супраць вайны, якая працягваецца ўжо чатыры гады. З пачатку вайны мы падтрымліваем украінскі народ.
Каля 300 чалавек — украінцы, беларусы і палякі — сабраліся разам, каб ушанаваць ахвяраў вайны і выказаць падтрымку ўкраінскаму народу. Луналі ўкраінскія і бел-чырвона-белыя сцягі.
Кажуць удзельнікі мітынгу:
– Мы вялікая сям’я з Херсону. Цяжка нам. Дзіця кажа: мама, напішы, я хачу дамоў. Цяжка даецца інтэграцыя.
– Чацвёрты год вайны, вайны за існаванне. І чацвёрты год болю, нязломнасці, мужнасці.
– Прыйшоў сюды, каб паказаць, што ў кожным горадзе ў Польшчы ёсць такія, як я, якія стараюцца дапамагаць як могуць.
– Я асабіста з горада Сумы. У нас кожны дзень прылёты, кожны дзень смерці. Гэта не толькі ў Сумах, гэта па ўсёй Украіне. І хочацца, каб людзі пачулі.
– Беларусы не згодныя. І беларусы гатовыя далей змагацца. Лёс Беларусі вырашаецца на палях Украіны.
– Дзякуй беларусам за тое, што арганізоўваюць такія акцыі і нас падцягваюць.
Падчас акцыі прагучалі словы падтрымкі і для Ічкерыі — народа, які таксама доўгія гады змагаецца з расейскай агрэсіяй.
Пасля завяршэння мітынгу ўдзельнікі яшчэ доўга не разыходзіліся: разам заспявалі гімн Украіны, падкрэсліваючы, што салідарнасць працягваецца і па-за межамі самой акцыі.

Арганізатар акцыі Ян Абадоўскі распавёў пра важнасць акцыі не толькі для ўкраінцаў, але і беларусаў, падзякаваў прысутным палякам, якія таксама прыйшлі падтрымаць мітынг.

Калі Украіна падзе ў вайне, то расейская агрэсія можа перамясціцца і ў Польшчу. Заклік да салідарнасці, якая ніколі не скончыцца.

Расповед пра ініцыятыву маскіравальных сетак Беластока, заклік далучацца. Слова бярэ прадстаўнік украінскай дыяспары Антон Галавач.

Узгадваецца салідарнасць і з рэспублікай Ічкерыя, якая зведвае такія ж праблемы з Расеяй. Усе чакаюць, калі скончыцца вайна, каб пачаць аднаўляць Украіну. Зараз вайна, гэта не толькі барацьба і боль, але і чаканне людзей з палону, чаканне дэмакратычных зменаў.

Прадстаўніцы ўкраінскай дыяспары распавядаюць пра ўмовы, у якіх Украіна сустракае чарговы год вайны.

На мітынгу сабралася каля 300 чалавек.

Пасля заканчэння акцыі, удзельнікі доўга не разыходзіліся, яны заспявалі гімн Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя
