Мікалай Статкевіч дома / фота з сацсетак Марыны Адамовіч

Мікалая Статкевіча вызвалілі з калоніі без пашпарта і ўвогуле без якіх-небудзь афіцыйных папераў.

“Сёння ў нас няма нічога, на што можна абаперціся: ні разумення прававога статусу, ні магчымасці выехаць на рэабілітацыю, ні медычных дакументаў, ні нават пашпарта”, — расказвае ў інтэрв’ю LRT жонка палітыка Марына Адамовіч.

Пра тое, што муж выходзіць на волю, Марына даведалася раптоўна.

“Начальнік турэмнага шпіталя сказаў, што калі я хачу, дык магу забраць Мікалая дадому. Я спытала: “Што для гэтага ад мяне трэба?” Аказалася, што — заява на імя начальніка лякарні з просьбай “вызваліць для рэабілітацыі ў хатніх умовах”. Вось так усё проста, — кажа Адамовіч. — Хаця я ўжо знаёмая і з афіцыйнай версіяй яго вызвалення”.

Таксама Марына Адамовіч кажа, што пасля адмовы Статкевіча пакідаць Беларусь яму ў калоніі перасталі выдаваць востра неабходныя лекі. У крайнім разе “замянялі іх на, мякка кажучы, малаэфектыўныя. Напрыклад, замест “Рывараксабана” (Ксарэлта) выдавалі звычайны аспірын”.

Дадому Статкевіч трапіў 19 лютага. “Магу толькі сказаць, што сёння ён выглядае і пачуваецца лепш, чым у той момант, калі я ўбачыла яго ў турэмнай бальніцы”, — кажа жонка.

euroradio.fm