Напярэдадні чацвёртай гадавіны поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў цэнтры Беластока прайшоў мітынг беларускай дыяспары і ўкраінскай супольнасці «Разам супраць расейскай агрэсіі». Удзел у ім узялі каля 300 чалавек — украінцы, беларусы і палякі.

Падчас акцыі «Разам супраць расейскай агрэсіі».
Прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары падзяліліся болем ад чакання завяршэння вайны і сваім становішчам у Польшчы:
– Мы не жывём, мы існуём, вельмі цяжка даецца інтэграцыя, прынамсі для маёй сям’і вельмі цяжка. Чакаем, што хутка ўсё скончыцца, і мы ўсёй сям’ёй вернемся дадому. Дай Бог, каб было куды вяртацца, бо мы самі з Херсона.
– Трэба Украіне дапамагчы заключыць мір на людскіх, адэкватных і нармальных умовах, а не аддаваць свае тэрыторыі, за якія гінуць нашы дзеці. Гэта мой сын, ён пайшоў на фронт добраахвотнікам і казаў “мама, не хвалюйся, я іду не паміраць, я іду жыць”.
– Хочацца, каб людзі не дзівіліся вайной ва Украіне як страшным фільмам, а хочацца, каб усё гэта нарэшце скончылася.
Поўнамаштабная расейска-ўкраінская вайна, якая пачалася 24 лютага 2022 года, працягваецца да гэтага часу. З канца 2025 года Расея і Украіна актыўна вядуць перамовы пры пасрэдніцтве ЗША, але пакуль яны не прынеслі вынікаў. Пры гэтым з ваеннага пункту гледжання працягванне баёў ужо не мае сэнсу ні для аднаго з бакоў.





Беларускае Радыё Рацыя
