У Беларусі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну за падтрымку Украіны ў розных формах былі асуджаныя не менш як 403 чалавекі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, беларусаў і замежных грамадзян судзілі паводле артыкулаў аб здрадзе дзяржаве, шпіянажы і агентурнай дзейнасці. Пераслед таксама закранаў тых, хто выказваў жаданне ваяваць на баку Украіны, аказваў фінансавую падтрымку Палку Каліноўскага і Узброеным сілам Украіны, а таксама ўдзельнічаў у дыверсіях на чыгунцы.

На працягу апошняга года працягваецца пераслед жыхароў Беларусі, якія перадавалі інфармацыю пра перамяшчэнне расейскіх войскаў праекту Беларускі Гаюн. У межах гэтай справы фігурантамі сталі не менш як 183 чалавекі.

Паводле звестак «Вясны», у месцах зняволення цяпер знаходзяцца больш за 200 чалавек. Сярод асуджаных — 71 жанчына. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што гаворка ідзе толькі пра вядомыя ім выпадкі, тады як рэальная колькасць пераследаў можа быць значна большай.

Па дадзеных цэнтра, 213 чалавек былі асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — у асноўным за перадачу фота і відэа з перамяшчэннем расейскай вайсковай тэхнікі.
41 чалавек асуджаны паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве, яшчэ 16 замежных грамадзян — за агентурную дзейнасць на карысць Украіны.
34 чалавекі былі асуджаныя паводле артыкула 289 КК (акт тэрарызму) — гаворка ідзе пра дыверсіі на чыгунцы і на аэрадроме ў Мачулішчах.
47 чалавек атрымалі прысуды за намер ваяваць на баку Украіны, 40 — за фінансавую падтрымку УСУ і Палка Каліноўскага.

Акрамя таго, праваабаронцы валодаюць інфармацыяй як мінімум пра пяцярых грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычна матываваных прысудаў.

Беларускае Радыё Рацыя