Праз месяц споўніцца роўна 5 год, як актывіст Саюза палякаў у Беларусі, журналіст Анджэй Пачобут быў арыштаваны ў Гародні і з той пары знаходзіцца ў прымусовай ізаляцыі ад вольнага свету. З гэтай нагоды, як і штомесяц 25 чысла, у Беластоку ля помніка ксяндзу Ежы Папялушку прайшла акцыя салідарнасці з ім і з тысячамі іншых палітычных вязняў у Беларусі.

Гаворыць віцэ-старшыня Саюза палякаў Марэк Занеўскі:

– Ведаем дакладна, што ён і надалей знаходзіцца ў Наваполацку ў карнай калоніі, сядзіць у поўнай ізаляцыі, у ПКТ. Безумоўна, гэта ўсё вельмі сумна, што чалавек плаціць сваім жыццём, плаціць сваім здароўем за сваю пазіцыю, калі нічога дрэннага, канешне, ён не зрабіў. Так як і ўсе палітычныя вязні, якіх не становіцца менш у Беларусі. Таму мы маем абавязак сюды прыходзіць, каб быць салідарнымі, каб казаць усім пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі.

Пра важнасць салідарнасці з Анджэем Пачобутам і ўсімі палітычнымі вязнямі ў Беларусі гаворыць прадстаўніца Падляшскага аддзела таварыства Wspolnota Polska Барбара Олех:

– Наша задача – памяць і салідарнасць. Я перакананая, што толькі такі крок можа змяніць гэтую драматычную сітуацыю ў Беларусі. У ХХІ стагоддзі сапраўды неймаверна – мы кажам пра свабоду, мы кажам пра дэмакратыю, а за свабоду слова людзі сядзяць у турмах, у выпраўленчых калоніях, таму што выступаюць супраць дыктатара.

Анджэй Пачобут, як і шэраг актывістаў Саюза палякаў на Беларусі, быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. У лютым 2023 года засуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У мінулым годзе Анджэй стаў лаўрэатам «Прэміі імя Андрэя Сахарава за свабоду думкі».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя