Аляксандр Гінтаўт-Дзевалтоўскі

26 лютага205 гадоў таму (1821) – У мяст. Вайшканы (Ковенская губ.) нарадзіўся Аляксандар Гінтаўт-Дзевалтоўскі, беларускі рэлігійны дзеяч, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху на Гарадзеншчыне.

Паходзіў з шляхецкага каталіцкага роду Мангінаў, сын Антона і Кацярыны.

Спачатку вучыўся ў Кейданаўскім дваранскім вучылішчы, а ў 1839—1845 гг. вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні. З 1845 году капелан, у 1846-49 гадах вікарый у Вількаміры, выкладаў Закон Божы ў павятовым вучылішчы. Настаяцель касцёла ў Янішках. З 1853 году ксёндз-настаяцель бернардзінскага касцёлу ў Гародні. У 1861-71 гадах дэкан у Гародні. Выкладаў Закон Божы пры аддзяленні Гарадзенскай губернскай гімназіі. Апякаў сірот і вязняў. Сабраў вялікую бібліятэку, калекцыю старажытнасцяў і карцінную галерэю.

Сябра Гарадзенскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі, створанай Кастусём Каліноўскім і Валеры Урублеўскім у 1861 годзе. Канкрэтная роля Гінтаўта-Дзевалтоўскага ў падрыхтоўцы і разгортванні паўстання 1863 году не высветлена. Вядома, што ён не быў на падазрэнні ўладаў, а па жаданні гарадзенскага губернатара нават стаў духоўнікам палітычных вязняў (1863-66 гады). У 1866 годзе выступіў супраць увядзення на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў набажэнства на расейскай мове, за што пераведзены на 2 гады з Гародні ў Сувалкі. З 1872 году епіскап, з 1874 году адміністратар Полацкай епархіі, пабудаваў там гімназію. З устанаўленнем дыпламатычных адносін з Ватыканам Папа Леў ХІІІ абвясціў Гінтаўт-Дзевалтоўскага архіепіскапам-мітрапалітам магілёўскім. Адначасова Гінтаўт-Дзевалтоўскі мітрапаліт усіх каталіцкіх цэркваў Расійскай імперыі, старшыня духоўнай каіаліцкай калегіі ў Пецярбургу, адміністратар Менскай епархіі.